Тэлеграм-каналу «Хрысціянскай візіі» – 1 год
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Працоўная група «Хрысьціянская візія» была арганізаваная 8 верасьня 2020, а ўжо 24 верасьня зьявіўся першы пост у гэтым тэлеграм-канале. За гэты год наш канал і іншыя сацыяльныя сеткі сабралі больш за 3000 чытачоў. Наша аўдыторыя вельмі актыўная і ўключаная, мы ўвесь час атрымліваем ад вас зваротную сувязь. Мы бачым, што нашы публікацыі цікавыя беларусам усіх канфесій і традыцый. Таксама для нас важна, што ў канала, прысьвечанага рэлігійнай тэматыцы, больш за сотню чытачоў, якія прафесійна займаюцца царкоўным служэньнем — сьвятароў, пастараў, манахаў і манахіняў, тэолагаў, катэхізатараў. «Хрысьціянская візія» — гэта мы ўсе.
Аднак праца нашай групы не абмяжоўваецца інфармаваньнем праз старонкі ў сацсетках. Учора сьвятар Аляксандр Шрамко прадставіў «Хрысьціянскую візію» на Канферэнцыі беларусаў сьвету ў Вільні, ініцыяванай Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, дзе сабраліся прадстаўнікі больш як 40 ініцыятыў з 27 краін. Мы працягваем каардынацыю паміж рэлігійнымі супольнасьцямі ў Беларусі і ў дыяспары, беларускімі дэмакратычнымі сіламі, царкоўнымі іерархамі, палітыкамі і лідарамі меркаваньняў на міжнародным узроўні. Мы ўпэўненыя, што цэрквы ўжо граюць значную ролю ў духоўнай і грамадзянскай барацьбе ў Беларусі, і што ў рэшце рэшт актыўныя хрысьціяне абавязкова паспрыяюць вырашэньню цяперашняга крызісу.