У Варшаве адзначылі 430-годдзе Берасцейскай уніі і 20-годдзе душпастырства беларускіх грэка-католікаў у Польшчы
14 лістапада ў варшаўскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на Вжэцёне адбылася сустрэча «Уніяты Рэчы Паспалітай дзякуюць за дар Еднасці». Яна была прысвечаная дзвюм датам: 430-годдзю Берасцейскай уніі і 20-годдзю душпастырства беларускіх грэка-католікаў у Польшчы.
У праграме былі даклады кс. праф. Юзафа Грывачэўскага (Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага) пра Фларэнційскую унію і д-ра Радаслава Дабравольскага, бурмістра Супрасля, пра вытокі і наступствы Берасцейскай уніі. Пасля дыскусіі і ўвядзення ў візантыйскую літургію ўдзельнікі маліліся на Боскай Літургіі, а завяршыла вечар агапэ.





