Беларускія біскупы ўпершыню за апошнія гады публічна ўзгадалі вайну ва Украіне
Каталіцкі Касцёл у Беларусі 27 кастрычніка далучыўся да малітоўнай ініцыятывы Папы Льва XIV, пакліканай аб’яднаць вернікаў у просьбе аб спыненні войнаў, паяднанні паміж народамі і ўсталяванні справядлівага міру. Гэты дзень мае асаблівае значэнне: сорак гадоў таму, у 1986 годзе, святы Ян Павел II сабраў у Асізі прадстаўнікоў розных рэлігій свету, каб разам маліцца аб міры.
27 кастрычніка святыя Імшы ў інтэнцыі міру ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбыліся і ў мінскім катэдральным касцёле, і ў магілёўскай гістарычнай контркатэдры на чале з біскупамі.
У гэты дзень, паводле назірання «Хрысціянскай візіі», упершыню з 2022 году беларускія біскупы публічна ўзгадалі падчас гамілій вайну Расіі супраць Украіны. Папярэдні раз, у жніўні 2025 года, у дзень малітвы і посце аб міры, у анонсах і справаздачах гучалі фармулёўкі аб «міры ва ўсім свеце» без узгадак Украіны.
А канкрэтнае асуджэнне вайны і заклік да малітвы аб міры для Украіны гучалі ў беларускім Касцёле толькі ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ, у пачатку сакавіка 2022 года, калі біскупскую канферэнцыю ўзначальваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Цяпер падчас гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі ў Магілёве «звярнуў увагу на асаблівы боль, які выклікае вайна паміж суседнімі Украінай і Расіяй», як адзначаецца на сайце епіскапату.
Біскуп «нагадаў пра людзей, якія гінуць, пра разбураныя гарады і вёскі, разлучаныя сем’і, дзяцей, якія растуць пад гукі паветраных трывог, і тых, хто вымушаны пакідаць родныя мясціны».
Іерарх падкрэсліў, што «за кожнай навіной пра абстрэл і баявыя дзеянні стаяць чалавечыя жыцці, чыесьці маці і бацькі, сыны і дочкі, мужы і жонкі, чые мары і надзеі разбураюцца вайной».
Паводле яго, «для беларусаў гэтая трагедыя асабліва балючая, бо Украіна і Расія — нашы суседзі, з якімі нас звязваюць шматлікія чалавечыя, сямейныя і культурныя сувязі».
Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што «сапраўдны мір не азначае заплюшчваць вочы на несправядлівасць: ён павінен грунтавацца на праўдзе, справядлівасці і павазе да чалавечай годнасці».
Падчас Імшы вернікі маліліся за ўсіх, хто церпіць ад вайны, за загінулых і параненых, за сем’і, якія страцілі сваіх блізкіх, за людзей у палоне і бежанцаў, а таксама за тых, хто чакае вяртання родных дадому. Асаблівай інтэнцыяй стала просьба аб спыненні кровапраліцця і дасягненні справядлівага і трывалага міру.
Прычым, у Магілёве ў Імшы ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовага аддзялення праўладнага «Беларускага фонду міру», што «падкрэсліла значнасць агульнай адказнасці за захаванне міру ў грамадстве».
Публікацыі аб Імшах у інтэнцыі міру з удзелам іншых беларускіх біскупаў пакуль не з’явіліся на афіцыйных рэсурсах. Аднак вядома, што прынамсі ў Мінску дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі таксама ўзгадваў у гаміліі Украіну і адзначаў, што «мы не можам не звярнуць увагу на нашых блізкіх суседзяў, бо гэта найбольш адгукаецца ў нашых сэрцах, таму мы молімся аб супакоі ва Украіне, у іншых краінах, дзе патрэбна ўменне весці дыялог, прабачаць, умець дамаўляцца».







