Аб’яўлены сбор на рэстаўрацыю славутага абраза ў Ваўкалаце — аднаго з арыгіналаў Езуса Міласэрнага
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Збор ладзіць кс. Анджэй Бульчак, які пасля 14 год служэння у Віцебскай дыяцэзіі быў аштрафаваны за антываенны ролік і быў вымушаны выехаць з Беларусі, у якога выклікае занепакоенасць стан іконы.
Абраз, які знаходзіцца ў вёсцы Ваўкалта на Докшыншчыне, унікальны. Гэта адзін з эскізаў абраза Езуса Міласэрнага, які выяўляе Хрыста паводле аб’яўленняў, якія атрымала с. Фаўстына Кавальская. Стан іконы выклікае занепакоенасць, таму пачаў збор на яго рэстаўрацыю.
Ён знаходзіцца ў Ваўкалаце з 1939 г. Яго гісторыя такая. С. Фаўстына, атрымаўшы аб’яўленні Хрыста, замовіла абраз Езуса Міласэрнага ў мастака Яўгена Казіміроўскага. Гэты твор стаў вядомы ва ўсім свеце і цяпер ён знаходзіцца ў алтары санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Вільні. Мастак да стварэння канчатковай версіі іконы зрабіў яшчэ два эскізы, якія не задаволілі с. Фаўстыну. Адзін з іх у выніку паехаў у дом Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Варшаве, дзе быў знішчаны ў пажары падчас вайны. А другі — апынуўся ў касцёле ў невялічкай, схаванай ад вялікіх дарог, на некалькі соцень жыхароў вёсцы Ваўкалата.
Эскіз абраза Езуса Міласэрнага трапіў туды з ініцыятывы кс. Міхала Сапоцькі, спаведніка с. Фаўстыны. Ён ахвяраваў абраз свайму сябру, тагачаснаму пробашчу кс. Рамуальду Дронічу ў 1939 г. са словамі: «Калі будзеце маліцца каля гэтага абраза малітвай, якой вас навучу, то савецкія ўлады касцёл не зачыняць». Так і атрымалася. Парафіяне падтрымлівалі культ і святыня няспынна дзейнічала ў абставінах савецкага пераследу. Амаль заўсёды там нёс служэнне святар.
Гэтую гісторыю пацвердзіла і найстарэйшая парафіянка ў Ваўкалаце спадарыня Валянціна Францаўна Штура. Жанчына адзначыла, што гэты абраз сапраўды быў прывезены з Вільні напрыканцы 1930-ых гадоў, і што з пасляваенных часоў у парафіі моляцца Вяночак да Божай Міласэрнасці (прадыктаваны с. Фаўстыне падчас аб’яўленняў).
У сваю чаргу кс. Кшыштаф Пажарскі, які шмат гадоў нясе пастырскую паслугу ў краінах былога Савецкага Саюза, адмыслова наведаўшы Ваўкалату, падкрэсліў, што знаходжанне там эскіза знакамітай іконы з’яўляецца «таямніцай Божага Провіду і патрабуе дапаўнення гісторыі культа Божай Міласэрнасці». Святар дадаў, што «для Касцёла на Беларусі гэта сапраўдны схаваны скарб, які трэба дастаць на паверхню».
Пра тое, што абраз патрабуе аднаўлення, яшчэ ў 2020 г. казаў пробашч парафіі ў Ваўкалаце кс. Алег Півавар. Сёння пасадзейнічаць рэстаўрацыі можна з дапамогай ініцыятывы zrzutka.pl, праз якую ўжо сабрана 2150 злотых з патрэбных 10 тысяч. Магчыма, рэнавацыя ваўкалацкага абраза стане пачаткам пашырэння яго культу, які ў сваю чаргу прынясе цудоўны плён.
Фота: абраз Езуса Міласэрнага ў Ваўкалаце, ave-maria.by