Пакінуць люстравую залу: як супольнасць вучыцца не жыць крыўдай

ЯўгенБрыцько
Праваслаўны вернік, тыфлапсіхолаг. Сфера цікавасцяў: развіццё супольнасцей, гульня, правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыхільнік міждысцыплінарнасці, асабліва на стыку з тэалогіяй. Слухач Лятучага Універсітэту.
Эсэ-развага з Вільні пра беларускую парафію, рэсэнтымент, малітву Іісуса на крыжы і тое, чаму дараванне можа быць не слабасцю, а формай выхаду з замкнёнага кола гісторыі.
Вільня. Верасень 2026
Амаль тры з паловай гады ў Вільні жыве парафія, якую ў побытавай свядомасці называюць беларускай. Гэтая назва, уласна кажучы, толькі фіксуе факт: яе сябры — пераважна беларусы апошняй хвалі эміграцыі, і для многіх прычынай апынуцца па гэты бок мяжы стала іх грамадская пазіцыя.
Але за гэтыя тры з паловай гады гэта ўжо не проста група людзей, аб’яднаных краінай паходжання, агульнай гісторыяй або агульным болем.
24 верасня парафія адзначала сваё прастольнае свята — дзень памяці беларускага святога, вызнаўцы Лявонція Карповіча.
За гэты час супольнасць прайшла некалькі прыступак няпростага станаўлення. Нават перахварэла некаторымі сваімі ўнутранымі хваробамі. І, магчыма, менавіта таму сёння яна становіцца цікавейшай за простую «беларускую парафію».
Бо гэта супольнасць людзей з няпростымі характарамі. Людзей з вялікім жыццёвым, грамадскім і царкоўным досведам. Людзей, многія з якіх прыйшлі сюды ўжо не з чыстай старонкі. У кагосьці за плячыма — досвед рэлігійнасці, якая ператварала адносіны з Богам у сістэму абавязкаў, а адносіны паміж людзьмі — у сістэму ацэнак. У кагосьці — стомленасць ад царкоўнага жыцця, дзе занадта шмат было правільнасці і занадта мала прасторы для жывога чалавека.
Таму тут паступова ўзнікла патрэба сустракацца не толькі на набажэнстве.
Не толькі разам маліцца, але і быць адзін ля аднаго.
Працягваць руку падтрымкі. Ствараць тую салідарнасць, пра якую так шмат гаварылася ў 2020-м. Не як лозунг мінулага, а як практыку сённяшняга жыцця.
Адным з найбольш прыгожых спосабаў такой сустрэчы сталі супольныя евангельскія чытанні. Некалькі чалавек садзяцца разам са Святым Пісаннем. Ёсць малітва. Ёсць цішыня. Ёсць магчымасць выдыхнуць пасля актуальнага і прыслухацца да важнага.
І амаль кожны раз адбываецца нешта вельмі беларускае.
Не ў тым сэнсе, што Евангелле пачынаюць тлумачыць выключна праз Беларусь. Хутчэй наадварот: Беларусь раптам пачынае выглядаць у святле Евангелля.
Евангелле, якое трапляе ў наша сёння
На адной з апошніх такіх сустрэч — якраз напярэдадні дня памяці святога Лявонція — чыталі ўрывак з Евангелля паводле Лукі пра ўкрыжаванне Іісуса Хрыста.
І там зноў прагучала малітва:
«Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць».
Гэта адна з самых цяжкіх евангельскіх фраз для чалавека, які жыве ў доўгай гісторыі несправядлівасці.
Лука асабліва выразна праводзіць гэтую лінію праз сваю гісторыю. У Дзеях Апосталаў, напісаных тым самым аўтарам, Стэфан, першы пакутнік, перад смерцю таксама моліцца не аб помсце сваім забойцам: «Госпадзе, не залічы ім гэтага граху» (Дз. 7:60). Паралель настолькі выразная, што традыцыя заўсёды бачыла ў малітве Стэфана рэха малітвы Іісуса.
Ў Евангелля паводле Лукі гэтая малітва стала адным з найбольш моцных выразаў яго тэмы даравання ворагам.
І вось тут узнікае праблема, якую ўжо нельга абысці прыгожымі царкоўнымі словамі.
Чым даўжэй працягваецца нявызначанасць грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, чым даўжэй адны беларусы застаюцца ў выгнанні, а іншыя працягваюць жыць у краіне пад ціскам рэпрэсіўнай рэчаіснасці, тым часцей паўстае размова пра немагчымасць дараваць тых, хто вінаваты ў гвалце.
У 2020-м «не даруем!» магло быць крыкам самападтрымкі. Крык дапамагаў вытрымаць страх. Дапамагаў не адчуць сябе бездапаможнымі перад гвалтам.
Але з часам крык можа стаць перакананнем.
І тады адбываецца нешта вельмі чалавечае і вельмі небяспечнае: тое, што калісьці дапамагала выжыць, пачынае патрабаваць, каб мы працягвалі жыць у ім.
Як крыўда становіцца асяроддзем
Ёсць слова, якое добра апісвае адзін з такіх механізмаў, — рэсэнтымент.
Гэта не проста крыўда. І нават не проста моцная нянавісць.
Паняцце ressentiment ў філасофіі апісвае стан, у якім перажытае бяссілле, крыўда, гнеў і немагчымасць непасрэдна адказаць на тое, што адбылося, пачынаюць доўга перапрацоўвацца ўнутры чалавека і ўплываць на яго ацэнкі, каштоўнасці і спосаб бачыць свет. Сучасная філасофская літаратура падкрэслівае, што эмоцыі накшталт крыўды і гневу могуць мець істотную ролю ў маральным жыцці.
Таму было б занадта проста сказаць: рэсэнтымент — гэта дрэнна. Не. Крыўда можа быць вельмі важным чалавечым сігналам. Якая кажа: са мной нешта зрабілі.
Гнеў можа сказаць: мяжа была парушаная. Памяць пра зло можа сказаць: гэта нельга паўтарыць.
Нават жаданне справядлівасці не трэба блытаць з прагай помсты.
У гэтым сэнсе здаровая рэакцыя на зло можа абараняць чалавека і супольнасць.
Небяспека пачынаецца ў іншым месцы. Калі сігнал становіцца асяроддзем. Калі памяць перастае дапамагаць будаваць будучыню і пачынае вызначаць яе. Калі чалавек ужо не проста памятае тое, што яму зрабілі, але паступова арганізуе вакол гэтага ўвесь свой унутраны свет. Тады крыўда становіцца не пачуццём, якое мы маем, а месцам, у якім мы жывём.
Люстраная зала
Мабыць, менавіта таму рэсэнтымент так лёгка распаўсюджваецца ў супольнасцях.
Ён нагадвае люстравую залу.
У такой зале немагчыма дакладна сказаць, дзе заканчваецца адзін вобраз і пачынаецца другі. Адзін позірк сустракае другі, другі адбіваецца ў трэцім, трэці вяртаецца назад — і праз некалькі хвілін ужо цяжка зразумець, дзе знаходзіцца сапраўдная рэч, а дзе толькі яе адлюстраванне.
Так працуе і калектыўная крыўда. Адзін чалавек расказвае пра сваю рану. Другі дадае сваю. Трэці ўзгадвае яшчэ адну. Памяць становіцца ўсё больш насычанай. Абвінавачанне — усё больш дакладным. Вінаватыя — усё больш адназначнымі. І паступова ўзнікае рэха, у якім кожнае наступнае абурэнне ўжо не столькі нараджаецца з рэальнага досведу, колькі атрымлівае энергію ад папярэдняга.
Так ствараецца рэсэнтыментальнае рэха.
Яно гучнае. Яно можа быць маральна ўзвышаным. Яно нават можа гаварыць мовай справядлівасці. Але чалавек, які доўга жыве ў такім рэху, паступова перастае чуць нешта іншае: уласны голас, голасы іншых і — самае небяспечнае — голас будучыні.
Калі супольнасць не мае гатовага адказу
У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін важны эпізод.
Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, перажыўшы турэмнае зняволенне і вымушана апынуўшыся па-за Беларуссю, прапанаваў арганізацыйна-дзейнасную гульню як спосаб сумеснага пошуку стратэгіі выхаду з беларускай сітуацыі. Сярод магчымых варыянтаў на ролю замоўцы натуральна падыходзіла і царква — як інстытуцыя і як супольнасць, здольная захоўваць і збіраць тое, што мае доўгую перспектыву.
Гульня адбылася. З’явілася і справаздача каманды. І сярод высноў выявілася рэч, якая, магчыма, больш істотная за любую гатовую стратэгію: замоўцы на стратэгію няма.
На першы погляд гэта гучыць як расчараванне.
Але калі гутарка ідзе пра маладую супольнасць, гэта можа быць і вельмі дакладным дыягназам.
Парафія, пра якую ідзе гаворка, яшчэ не з’яўляецца інстытуцыяй, здольнай узяць на сябе такую ролю. Яна сама яшчэ праходзіць шлях станаўлення.
І, можа быць, гэта не недахоп.
Бо часам даросласць пачынаецца менавіта з прызнання: мы яшчэ не ведаем, што рабіць.
Не ведаем — але ўжо можам збірацца. Не маем стратэгіі — але можам захоўваць адносіны. Не можам змяніць усю сітуацыю — але можам не дазволіць ёй змяніць нас у нешта, чым мы самі не хочам стаць.
Задача з дзвюма зорачкамі
І тут малітва з крыжа раптам пачынае гучаць зусім інакш.
«Ойча, даруй ім…»
Гэта не інструкцыя для чалавека, які павінен самастойна стаць бездакорным і дараваць усім, хто яго пакрыўдзіў. Відавочна, што гэта не чалавечая задача ў яе поўным аб’ёме. Іісус не кажа: «Я Сам цяпер усё ўрэгулюю». Ён звяртаецца да Айца і перадае тое, што чалавечая рука не можа ўтрымаць.
І ў гэтым ёсць дзіўная антрапалагічная праўда: дараваць не заўсёды азначае перамагчы ў сабе крыўду. Часам дараванне пачынаецца з прызнання, што сам я гэтага не магу.
Гэта ўжо не слабасць. Гэта адмова ад ілюзіі ўласнай усемагутнасці. Менавіта тут і пачынаецца бяспека ад рэсэнтыменту. Не ў тым, каб забараніць сабе памятаць. Не ў тым, каб назваць зло дабром. Не ў тым, каб адмовіцца ад справядлівасці. Не ў тым, каб адмяніць адказнасць вінаватых. І нават не ў тым, каб прымусіць сябе адчуць цёплыя пачуцці да тых, хто зрабіў зло. А ў тым, каб не перадаць ім уласную будучыню.
Бо рэсэнтымент мае адну асабліва падступную ўласцівасць: ён захоўвае прысутнасць таго, хто зрабіў зло, нават тады, калі самога чалавека ўжо няма побач.
Ён працягвае яго дзеянне ўнутры ахвяры.
Той, хто прычыніў боль, зрабіў учынак адзін раз.
А мы можам працягваць яго ўнутры сябе гадамі.
Лічбы на старонцы
На той сустрэчы была яшчэ адна дзіўная рэч.
Лк. 23:34.
Нумар верша, у якім знаходзіцца гэтая малітва. Лічбы, якія для беларусаў апошніх гадоў маюць зусім іншае эмацыйнае значэнне. Выпадковасць? Вядома, нельга рабіць з нумара верша містычнае прадказанне гісторыі.
Але ў чалавечым жыцці сэнс часта нараджаецца не з таго, што падзеі загадзя нехта зашыфраваў, а з таго, што ў пэўны момант мы здольныя ўбачыць побач тое, што раней стаяла паасобку.
Вось парафіяне сядзяць разам.
Чытаюць тэкст.
І раптам сустракаюць адначасова і знаёмыя лічбы, і нечалавеча цяжкія словы:
«Ойча, даруй ім…»
Гэта не прароцтва.
Але гэта можа быць сустрэчай.
Сустрэчай, якая задае задачу з дзвюма зорачкамі.
Задачу, якую самім выканаць немагчыма.
І менавіта таму яна павінна быць адрасавана Айцу.
Неабыякавыя
Самае цікавае ў гэтай віленскай гісторыі нават не тое, што парафія ўжо знайшла адказ. Яна яго яшчэ не знайшла. І гэта добра. Бо адказная супольнасць — не тая, якая заўсёды мае гатовыя адказы. А тая, якая не дазваляе пытанню памерці.
Тут ёсць людзі, якія неабыякавыя да Беларусі. Якія не адмовіліся ад сваёй краіны. Ні ад памяці, ні ад справядлівасці, ні ад болю тых, хто застаецца ў Беларусі.
Але разам з тым яны спрабуюць зрабіць нешта значна больш складанае: не ператварыць гэты боль у новую форму няволі.
Таму яны збіраюцца. Чытаюць Евангелле. Моляцца. Размаўляюць. Слухаюць адзін аднаго. Спрачаюцца. Вучацца быць разам. І часам проста даюць адзін аднаму магчымасць выдыхнуць.
Гэта выглядае вельмі сціпла на фоне вялікай гісторыі.
Няма тут вялікай палітычнай сцэны, стратэгічнага штаба. Няма адказу на пытанне, калі і як скончыцца беларуская нявызначанасць. Пры гэтым ёсць маленькая супольнасць, якая праходзіць вельмі важную школу чалавечага існавання: як застацца чалавекам, калі гісторыя доўга не дае магчымасці закрыць рану.
Маяк
Можа быць, цяпер царкве і не трэба спяшацца станавіцца замоўцам вялікай стратэгіі. Яе задача на гэтым этапе іншая. Быць месцам, дзе чалавек не губляе здольнасці чуць, дзе памяць не ператвараецца ў помсту, дзе справядлівасць не патрабуе нянавісці, дзе можна сказаць: «Мне балюча. Я не магу дараваць», — і не быць за гэта адкінутым.
І адначасова пачуць у Евангеллі нешта, што пераўзыходзіць нашы цяперашнія магчымасці. «Ойча, даруй ім…» Не лозунг, не маральны экзамен, не патрабаванне неадкладна стаць святым. Гэта напрамак, у якім чалавечая супольнасць яшчэ толькі вучыцца глядзець.
Сёння гэтая супольнасць — не замоўшчыкі стратэгіі, а дазорцы. Людзі, якія будуць заўважаць, калі мы зноў уваходзім у люстравую залю. Калі крыўда ўжо пачынае памятаць замест нас. Калі чужое зло становіцца галоўным аўтарам нашых уласных учынкаў. Калі «не даруем» ужо не абараняе чалавечую годнасць, а вызначае ўсю карціну будучыні.
І тады патрэбны нехта, хто скажа: спынімся. Паглядзім, дзе мы. Паслухаем. Памолімся. І паспрабуем не перадаць далей тое, што было перададзена нам. Зразумела, што дараванне — гэта не апошні пункт дарогі. Яно нават не тое, што мы самі здольныя здзейсніць. Яно больш падобнае да полымя, якое трэба зберагаць, пакуль яго сапраўдны агонь можа запаліць толькі Бог. А наша праца — не даць яму згаснуць. Пакуль мы ідзём праз тунэль невядомасці, і не бачым выхаду, і яшчэ не ведаем, якой будзе Беларусь і якімі будзем мы самі. Пакуль няма стратэгіі і няма замоўцы яе.
Ёсць толькі людзі, якія ўсё яшчэ збіраюцца разам. І маленькі агонь паміж імі.
Менавіта так пачынаецца выхад з люстраной залы. Мы не перастаём памятаць. А нарэшце пачынаем бачыць — акрамя сябе і сваёй крыўды — яшчэ і дарогу.
Ілюстрацыя: Марк Шагал. Белае распяцце.







