Аб’яднаньне маладых хрысьціянскіх палітыкаў Еўропы заклікае ўзмацніць ціск на беларускія ўлады, каб спыніць тэрор

Як паведамляе Беларуская хрысціянская дэмакратыя, аб’яднанне Еўрапейскай хрысціянскай палітычнай моладзі (ECPYouth) па выніках Генеральнай Асамблеі ў жніўні прыняло заяву ў падтрымку беларускага народу. За яе прагаласавалі чальцы ECPYouth са Швейцарыі, Нідэрландаў, Малдовы, Украіны, Германіі, Славакіі і Грузіі.
У заяве асуджаюцца таталітарныя тэндэнцыі ў Беларусі, калі нават спалучэнне белага і чырвонага колераў па-за законам, а таксама звернутая асаблівая ўвага на рэпрэсіі супраць моладзі і студэнтаў. Аўтары падкрэсліваюць, што кожны трэці з больш як 40000 затрыманых за апошні год беларусаў належыць да моладзі, і што як мінімум 14 непаўнагадовых атрымалі турэмныя тэрміны за ўдзел у мірных пратэстах.
Аўтары патрабуюць ад беларускага рэжыма спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных вязняў, а таксама заклікаюць дэмакратычныя краіны скаардынаваць і ўзмацніць ціск на афіцыйны Мінск.
У мінулым жніўні ECPYouth адрэагавала на тэрор пасля выбараў і заклікала да дапамогі і малітвы за Беларусь.
