Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ціханоўскі: Я на волі дзякуючы Богу й амэрыканскае адміністрацыі

Ціханоўскі: Я на волі дзякуючы Богу й амэрыканскае адміністрацыі

Ціханоўскі: Я на волі дзякуючы Богу й амэрыканскае адміністрацыі

Сёньня роўна год, як вядомы беларускі палітык, былы палітвязень, праваслаўны вернік Сяргей Ціханоўскі быў вывезены за мяжу з наваполацкае калёніі. 

“Я глыбока ўдзячны спецпасланніку па Беларусі Джону Коўлу, Крыстаферу Сміту, генералу Кіту Келагу й усім, хто ўдзельнічаў у маім вызваленьні”,

— зьвярнуўся да беларусаў Ціханоўскі з нагоды гадавіны свайго вызваленьня.

Палітык заявіў, што вываз яго за мяжу дазволіў ня толькі апынуцца на свабодзе, але літаральна выратаваў яму жыцьцё.

Асаблівую падзяку Ціханоўскі выразіў сваёй жонцы — беларускай лідарцы Сьвятлане. Доўгія гады яна змагалася “ня толькі за мяне, але й за Беларусь, за права беларусаў жыць у свабоднай краіне”, падкрэсьліў спадар Сяргей.

Зараз ён працуе над тым, каб на волі апынуліся іншыя беларускія палітычныя зьняволеныя.

“Вызваленьне пазасталых палітвязьняў залежыць ад шматлікіх фактараў. Я не магу ўплываць на ўсё, але не перастаю намагацца. Ніхто не павінны заставацца за кратамі за свае перакананьні”,

— дадаў Ціханоўскі.

Таксама ён выразіў удзячнасьць усім датычным за падтрымку пасьля вызваленьня.

“Адаптацыя да жыцьця на волі — няпростае выпрабаваньне. Кожны дзень мне нагадвае, наколькі каштоўныя сям’я, свабода й магчымасьць гаварыць праўду”,

— дзеліцца спадар Сяргей.

Ён перажывае за беларусаў, якія засталіся ў сваёй краіне.

“Палітыка дыктатара прывяла да таго, што Беларусь у гэтыя дні зноў балянсуе на краі вайны. Я малюся за тое, каб гэтага не адбылося”,

— дадаў Сяргей Ціханоўскі.

Сам ён на сёньня абраў у якасьці краіны для жыцьця Злучаныя Штаты.

“У Лос-Анджэлесе я вывучаю ангельскую мову, рыхтуюся да паступленьня ва ўнівэрсітэт, пішу кнігу, займаюся творчасьцю”,

— распавёў былы палітзьняволены.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост