«Гэта грэх — браць чужое»: што кажуць у Новай Мышы пра зямлю Акалатовіча
Пасля нашай навіны пра продаж з аўкцыёну старых абразоў, арыштаваных у ксяндза Генрыха Акалатовіча, з намі звязаліся жыхары вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Яны распавялі яшчэ пра адзін маёмасны сюжэт — арыштаваную бацькоўскую зямлю святара на вуліцы Безымяннай, 12.
Паводле мясцовых, гэты ўчастак ужо спрабавалі прадаць з аўкцыёну, але пакупніка не знайшлося. Цяпер ён зноў выстаўлены на паўторныя таргі: аўкцыён прызначаны на 2 ліпеня, пачатковы кошт — 6 600,98 рубля. На ўчастку, як кажуць жыхары, знаходзіцца зямля пад агарод і гаспадарчая пабудова — хлеў. Сельсавет гатовы аддаць гэтую зямлю бясплатна.
Суразмоўцы кажуць, што мясцовыя самі не хочуць браць гэтую зямлю і адгаворваюць іншых: лічаць яе несправядліва адабранай у ксяндза. «Гэта грэх — браць чужое», — так тлумачаць сваю пазіцыю людзі ў Новай Мышы. Прыезджых, паводле іх словаў, таксама папярэджваюць: не звязвацца, бо калі справядлівасць калісьці вернецца, укладзеныя грошы і сам участак могуць стаць праблемай.
Гэта працяг гісторыі з маёмасцю ксяндза Генрыха Акалатовіча. Раней у яго ўжо арыштавалі і выстаўлялі на продаж аўтамабіль, зямельны ўчастак, а цяпер — і старыя абразы, якія ў апісаннях саміх аўкцыёнаў названыя аб’ектамі гістарычнай і культурнай каштоўнасці.






