Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Заява групы «Хрысціянская візія» наконт ваеннай агрэсіі супраць брацкай Украіны і ўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў ёй

Заява групы «Хрысціянская візія» наконт ваеннай агрэсіі супраць брацкай Украіны і ўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў ёй

Заява групы «Хрысціянская візія» наконт ваеннай агрэсіі супраць брацкай Украіны і ўдзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў ёй
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Przeczytaj po polsku Read in English Читати по-українськи Читать на русском Deutsch Leggi in italiano Читать на греческом

24 лютага 2022

Сёння раніцай пуцінскі рэжым здзейсніў ваенную агрэсію супраць Украіны. Адным з плацдармаў гэтай агрэсіі стала тэрыторыя Рэспублікі Беларусь.

Мы, святары, багасловы і актыўныя міране Праваслаўнай, Рымска- і Грэка-Каталіцкай, Англіканскай і Евангельскіх Цэркваў рэзка асуджаем агрэсію рэжыму Пуціна супраць Украіны. Імем Ісуса Хрыста заклікаем спыніць напад і спыніць ваенную агрэсію!

Мы абураныя антыканстытуцыйнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі па дазволу на выкарыстанне тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для ажыццяўлення замежным войскам агрэсіі супраць іншай краіны. Мы патрабуем неадкладнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі і прыняцця ўсіх мер па недапушчэнні ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі. Імем Ісуса Хрыста мы дабраслаўляем кожнага беларускага і расійскага вайскоўца, які адмаўляецца ўдзельнічаць у ваеннай агрэсіі.

Хрыстос сказаў: «Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца». Даўшы арміі дзяржавы, якая развязала ваенную агрэсію супраць брацкага народа Украіны, доступ на тэрыторыю нашай краіны, Аляксандр Лукашэнка парушыў не толькі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, але і Хрыстову запаведзь. Узурпатар не толькі развязаў тэрор супраць народа Беларусі, але зрабіў яго саўдзельнікам у каінавым граху братазабойства. Удар, нанесены ў сэрца брацкага народа з беларускай тэрыторыі, апаганіў нашу зямлю, і пралітая кроў будзе «крычаць ад зямлі» (Быц. 4:10).

Мы выказваем салідарнасць з народам Украіны, які зараз вымушана звяртаецца да ўзброеных сродкаў абароны супраць замежнага ўварвання.
Мы молімся разам з хрысціянамі Украіны аб найхутчэйшым аднаўленні міру. Мы молімся аб усіх нявінна загінулых людзях, жыццё і годнасць кожнага з якіх — неацэнны Божы дар.

Зневажанне гэтага дару — гэта грэх перад Богам, Творцам і Айцом усіх людзей. Заклікаем абарону на ўсе гарады і вёскі, якія падвяргаюцца нападу.

Мы просім царкоўных лідараў Расіі і Беларусі ўзвысіць свой аўтарытэтны голас у абарону міру, асудзіць агрэсію, заклікаць дзейныя ўлады Расіі і Беларусі спыніць усялякія ваенныя дзеянні і ўсімі магчымымі сродкамі кампенсаваць ужо нанесеную шкоду.

Мы заклікаем сусветную хрысціянскую супольнасць да малітвы і салідарнасці, да падтрымкі міратворчых намаганняў па спыненні ваеннай агрэсіі.

Мы звяртаемся да Усемагутнага Госпада, Творцы гісторыі народаў і вяршыцеля чалавечых лёсаў. Госпадзі, пайшлі нам мір Валадарства Твайго, у якім не агаляецца ніводны меч. Дабраславі нас прытрымлівацца Твайго вучэння праўды, справядлівасці і любові. Дух Твой Святы няхай ацаліць сэрцы, параненыя нянавісцю, прасвятліць розум, зацемнены злосцю, абудзіць сумленне, якое страціла здольнасць адрозніваць дабро і зло.

Молім аб міры!


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава