УПЦ Кіеўскага патрыярхату прызначыла адказнага за беларускія парафіі за мяжой
Частка Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, якая не далучылася ў 2018 годзе да Праваслаўнай царквы Украіны і працягвае сваё самастойнае існаванне, паведаміла пра прызначэнне адмысловага іерарха, адказнага за беларускія парафіі.
Ім стаў архіепіскап Леў-Зіновій (Калеснік), які 1 кастрычніка быў прыняты ў УПЦ КП разам з манастыром і парафіямі ў горадзе Вінаградаў Закарпацкай вобласці. Ён прызначаны патрыяршым вікарыем з тытулам Карпата-Рускі і Вінаградаўскі, і
“яму даручаная пастырская апека над беларускімі праваслаўнымі супольнасцямі за мяжой”.
Якімі канкрэтна супольнасцямі ён будзе апекавацца, не ўдакладняецца. Зверхнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў (Логін) адзначыў у каментары “Хрысціянскай візіі”, што прынамсі ў ЗША і Канадзе ў УПЦ КП беларускіх храмаў няма.
Паводле адкрытых звестак, Леў-Зіновій (Калеснік) пачынаў сваё служэнне ў складзе УПЦ КП, аднак з 2009 года прадстаўляўся як зверхнік Апостальскай грэка-праваслаўнай царквы Украіны.







