Зьміцер Дашкевіч: Сьвяткуючы Дзень Народзінаў Ісуса Хрыста, мы мусім памятаць, што і Сын Божы быў вязьнем, і вучні Ісуса Хрыста – усе былі вязьнямі


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
…
На жаль, тая, хто першая паклікана памятаць пра вязьняў – царква – памятаць пра іх ня хоча. Я нават не кажу пра “царкву”, якая на службе Ірада ці “сьвятароў”, што, прыкрываючыся прыгожымі словамі пра дыялог, апраўдваюць тэрор. Праблема з царквою, якая быццам бы і Іраду ня служыць, але і пра вязьняў памятаць ня хоча. Царква гэтая жыве так, нібы нічога не адбываецца навокал: сьвяткуе і за нешта нават моліцца. Што спажне такая “царква”, 2000 год таму папярэджваў Ісус Хрыстос: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, бо Я быў у вязьніцы і вы не наведалі Мяне”. Тады тыя загалосяць: “Калі мы бачылі Цябе ў вязьніцы і не наведалі?” А Хрыстос ім адказвае: “Што Вы не зрабілі аднаму з гэтых, тое і Мне не зрабілі” (паводле Мацьвея 25). У іншым месцы Сын Божы сьведчыць пра глуханямую царкву яшчэ больш жорстка: “Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?” І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне” (Мацьвея 7:22 – 23). Во нечаканасць: імем Хрыста прарочылі і Раство сьвяткавалі, а ідуць у пекла, бо чынілі беззаконьне. Я доўга і пакутліва думаў, якое ж гэта беззаконьне? І я зразумеў: страх. Страх белае назваць белым, а чорнае – чорным, праўду – праўдаю, а тысячы патрыётаў у турмах – невінаватымі вязьнямі. Бо тады трэба было б за вязьняў маліцца і іх падтрымоўваць. Бо царква, якая ня моліцца за палітвязьняў – разьдзеліць з Сатаной ягоную ўзнагароду.
Але калі нехта ў гэтыя сьвятыя дні Раства шукае Ісуса Хрыста, то вось Ён сярод нас: Ісус Хрыстос сёньня – гэта палітвязень. Вязень без віны, якога мы абавязаны памятаць, які патрабуе нашых малітваў, які чакае нашых лістоў, дзеці якога прагнуць сьвята на День Народзінаў Таго, хто Сам быў вязьнем – Сам быў без віны арыштаваны і без віны асуджаны. Дакраніся сёньня да палітвязьня і ягонай сям’і – і ты дакранешся да Ісуса Хрыста.