Угодныя ці не? Вобраз каталікоў у сучаснай беларускай прапагандзе

Дзесяцігоддзямі дзяржаўныя СМІ падтрымлівалі вобраз мірнага суіснавання ўсіх канфесій Беларусі. Журналісты рэдка выходзілі за межы стандартных рэпартажаў са святочных службаў ці традыцыйных абрадаў. Матэрыялы якія б выходзілі па-за такі наратыў былі рэдкім выключэннем. Пасля 2020 г. роля каталікоў у гэтым ландшафце істотна змянілася. Прапаганда цяпер узгадвае іх як у пазітыўным, так і ў скрайне негатыўным ключы.

“Остепенитесь и займитесь своим делом”

Гэты заклік Лукашэнкі да каталіцкіх святароў датычыў не толькі малітвы, але і сацыяльных праектаў. Назва дабрачыннай арганізацыі “Карытас” па-ранейшаму мільгае ў дзяржпрапагандзе і будуе вобраз эфектыўнай супрацы Касцёла і ўладаў у сацыяльнай сферы. Дзяржава падаецца як надзейны партнёр, хоць каталікі фактычна бяруць на сябе вырашэнне ўсіх пытанняў, у тым ліку фінансавых..

Адно з такіх – адкрыццё для маламаёмасных сацыяльна-бытавога комплексу ў Гродне. І будынак, і спец тэхніка, і персанал былі прадастаўлены “Карытас”, але каментар з мерапрыемства “Гродна+” узяў толькі ў прадстаўніка ўлады.

Народны папа і народны прэзідэнт

Прапаганда актыўна выкарыстоўвае параўнанне папы Рымскага і Лукашэнкі. Гэта тэндэнцыя існавала і да 2020 г., аднак цяпер з дапамогай адабрэння двухбаковых адносін прапагандысты намагаюцца легітымізаваць дзейсны рэжым. Пра апошні яна кажа як пра надзейнага партнёра і стварае ўражанне, нібы абодва бакі працуюць у адным напрамку, будзь то пытанне пандэміі ці крызісу з бежанцамі.

“Белта” цытавала словы Лукашэнка пра тое, што “яму вельмі да спадобы народнасць Папы Францішка”. Відавочна, што пасля  страты вобразу “народнага прэзідэнта” ў выніку брутальнага падаўлення мірных пратэстаў, такім чынам прапаганда намагаецца нагадаць пра нібы сапраўдную існасць дыктатара.

Для таго, каб падкрэсліць, што Святы Айцец і Лукашэнка маюць аднолькавы светапогляд, выкарыстоўваецца кожная інфармацыйная нагода. У справаздачы з прэзентацыі перакладу Кодэксу Кананічнага Права на беларускую мову адзначаецца, што “абодва маюць сугучныя пазіцыі ў намаганнях на карысць умацавання міру ў рэгіёне”. А ў віншаваннях да дня нараджэння Пантыфіка прэс-служба Лукашэнкі падкрэслівае, што “цалкам супадае іх бачанне вырашэння сучасных сусветных праблем”.

Разам з тым, калі штосьці адбываецца насуперак рэжыму, не абыходзіцца без крытычных выпадаў паасобных прапагандыстаў у бок папы. У апошні час гэтыя заўвагі датычаць перадусім вайны ва Украіне. Ксенія Лебедзева абвінавачвае Пантыфіка ў крывадушнасці з-за таго, што яго клапоціць вайна ва Украіне, а канфлікт на Данбасе – не. А Аляксандр Шпакоўскі высмейвае малітву Святога Айца за мір перад беларускім абразом.

“Получал определенные задачи в Варшаве”

Пасля 2020 г. каталікі занялі асаблівую ролю ў  падсілкоўванні ідэі наяўнасці знешняга ворага. Красамоўным прыкладам таго, як прапаганда “выкрывае спецагентаў”, застаецца справа арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіч. АНТ сцвярджае, што ў 90-ых пад прыкрыццём місіянерскай дзейнасці польскі Касцёл накіроўваў у Беларусь ксяндзоў, якія служылі спецслужбам. А ў 2020-ым, паводле “Желтых слив”, ён жа каардынаваў беларускія пратэстныя акцыі ў рэгіёнах.

Асобную ўвагу атрымліваюць святары, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Іх ускосна абвінавачваюць у шпіёнстве на карысць суседняй Польшчы, якая нібы марыць пра вяртанне Заходняй Беларусі ў свае межы.З падобнымі папрокамі абрынуліся на кс. Леанарда Станкоўскага з Солаў з-за таго, што ў касцёле захоўваецца фрэска з выявай бітвы Варшаўскай, якая спыніла савецкую агрэсію ў Еўропе ў 1920 годзе. Такім жа чынам за адну няхітрую фразу пра неспакойнае жыццё мястэчка з восені 1939 года раскрытыкавалі кс. Паўла Шанчука з Гожы. Напярэдадні Божага Нараджэння “Гродна +” выпусціў сюжэт, у якім намагаўся здагадацца, на якое такое патаемнае мерапрыемства было запрошана духавенства ў польскае консульства ў дзень св. Мікалая. У выніку ізноў сышліся на тым, што ксяндзы падтрымліваюць палітыку “недружалюбнай” краіны, а праваслаўны святар, які таксама стаў госцем Каляднага вечару, увогуле быў ахрышчаны “калабарантам”.

Трапіўшы ў аб’ектыў беларускай прапаганды, дзеянні каталікоў нярэдка асыцыююцца з  “распальваннем нацыянальнай і рэлігійнай варожасці”.

Што адказвае прапагандзе Касцёл?

Вялікі розгалас атрымала карыкатура ў ”Мінскай праўдзе” ў якой крыж у руках каталіцкіх святароў ператвараецца ў свастыку. Тады кс. Юрый Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі біскупаў, сказаў што выданне “плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў”. Адметна, што на гэта выпадак адрэагавала і ўлада. Тагачасны міністр замежных спраў Уладзімір Макей сустрэўся з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, а галоўны рэдактар “Мінскай праўды” была звольнена з пасады.

Аднак у выніку ўзмацнення ціску на католікаў, сёння Касцёл амаль не рэагуе на напады прапаганды. Магчыма, гэта таксама звязана са зменай Мінска-Магілёўскага мітрапаліта. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адрозніваецца лаяльнасцю да ўлады і аддае перавагу маўчанню ў нязручных сітуацыях. Іншыя біскупы і святары таксама перасталі рэагаваць на атакі прапагандыстаў. Не маючы падтрымкі з боку іерархаў Касцёла, магчыма, супольнасць адчувае, што яе крытычныя галасы ўжо не будуць мець такой моцы.