Масавае шэсце католікаў у Мінску цалкам праігнаравалі дзяржСМІ Беларусі
Па-ранейшаму да асвятлення дзейнасці Каталіцкага Касцёла дзяржаўныя СМІ Беларусі падыходзяць выбарачна і распавядаюць, у асноўным, толькі тое, што зручна для прапаганды. Напрыклад, удзел іерархаў у праўладных мерапрыемствах і дзяржаўных святах.
Тое, што трэнд не змяніўся, паказала працэсія Божага Цела, якая адбылася 7 чэрвеня ў Мінску. Гэта цэнтральная ў годзе «маніфестацыя веры» каталіцкіх вернікаў. Урачыстае масавае шэсце, дзеля якога часова перакрывалі галоўныя вуліцы, прайшло праз цэнтр сталіцы. Аднак, гэта не трапіла ў інфармацыйную павестку дзяржСМІ, хоць, безумоўна, працэсія была важнай для горада падзеяй.
Як і ў мінулыя гады, адзіным выданнем, якое зрабіла рэпартаж з падзеі і апублікавала фота з мерапрыемства, стала недзяржаўнае медыя «Онлайнер».
Падобная сітуацыя – і ў іншых буйных гарадах Беларусі. Рэгіянальныя дзяржСМІ, у большасці, таксама праігнаравалі масавыя шэсці католікаў. Выключэннем стала Гродзеншчына. Напрыклад, смаргонская газета «Светлы шлях» апублікавала справаздачу аб працэсіі ў райцэнтры.
Таксама звычайна асвятляецца працэсія Божага Цела ў Гродне. Сёлета яе яшчэ не было – тут шэсце адбудзецца 11 чэрвеня.






