Наша Ніва: беларускамоўнага баптыста і шматдзетнага бацьку асудзілі па палітычнай справе
Як высветліла «Наша Ніва», у Мінскім гарадскім судзе асудзілі 45-гадовага Кірыла Лойку — верніка-баптыста, шматдзетнага бацьку з Калядзічаў пад Мінскам. Яны з жонкай маюць шасцярых дзяцей.
Кірыл грае ў духавым аркестры ChurchBrass, заснаваным у 1999 годзе ў мінскай царкве МСЦ ЕХБ. Ён беларускамоўны і перакладае на беларускую мову царкоўныя песні.
Лойку судзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму прысудзілі «хатнюю хімію». Па гэтым артыкуле цяпер часта пераследуюць у тым ліку ў межах «справы Гаюна» — праекта, які адсочваў ваенную актыўнасць у Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.






