Месяц таму здарыўся пажар у Будславе: дайджэст падзей гэтага часу
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Роўна месяц таму, 11 траўня 2021 года, адбыўся пажар у Будслаўскім нацыянальным санктуарыі — адной з найважнейшых каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. Гэтая драматычная падзея ўразіла ня толькі каталіцкую супольнасьць, але і ўсё беларускае грамадства. Прыгадаем найбольш важныя падзеі гэтага месяца.
🔹 Напачатку пажару вернікі і мясцовыя жыхары выратавалі з касьцёла абраз Маці Божай Будслаўскай і іншыя каштоўнасьці. Праз некалькі гадзін пажарнікі з падмацаваньнем з Менску здолелі спыніць полымя.
🔹 На месца здарэньня прыехалі каталіцкія біскупы Беларусі. Адразу пачаўся збор сродкаў на аднаўленьне касьцёла. На першым этапе важную ролю ў каардынацыі збору ахвяраваньняў адыграў партал TUT.BY, за што яго каманьдзе пазьней асобна падзякаваў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Словы падтрымкі беларускай каталіцкай супольнасьці скіраваў папа Францішак.
🔹 Пажар у Будславе быў праінтэрпрэтаваны многімі вернікамі як сімвалічная падзея ў кантэксьце грамадска-палітычнага крызіса ў Беларусі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў: «Перад абліччам будслаўскай трагедыі перапросім Бога за грахі нашага народа». Ксёндз Вячаслаў Барок у сваім разважаньні «Гарыць Беларусь» разглядае гэтае здарэньне ў адным шэрагу з гібельлю Вітольда Ашурка і Дзьмітрыя Стахоўскага, выкраданьнем Рамана Пратасевіча і гэтак далей.
🔹 Будслаўская ікона Багародзіцы ўшаноўваецца таксама і ў Праваслаўнай Царкве, аднак афіцыйна БПЦ дагэтуль не выказвала словаў падтрымкі або прапановаў дапамогі. Мітрапаліт Веніямін у інтэрв’ю прапагандысту Маркаву сказаў: «Мы, праваслаўныя людзі, таксама з болем успрынялі бяду ў Будславе. Мы спадзяемся, што з дапамогаю дзяржавы гэты касьцёл будзе адноўлены». Тым часам евангельская «царква бяз сьцен» «Новае Жыцьцё» зладзіла збор ахвяраваньняў на карысьць Будслава падчас вулічнай малітвы 23 траўня.
🔹 Праз некалькі дзён пасьля падзеі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ахвяраваныя сродкі «забяруць і падзеляць у Польшчы» і што «без дзяржавы яны ні чарта ня зробяць усё роўна». Тым ня менш Касьцёл і валанцёры самастойна зрабілі асноўную частку тэрміновых працаў, а спецыялісты «Будрэканструкцыі» далучыліся толькі праз тыдзень. 19 траўня Будслаў наведаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
🔹 На дадзены момант над касьцёлам усталяваны часовы металічны дах, робяцца спробы ўмацаваць цагляны купал, які рызыкуе абваліцца. Сабрана каля 735000 беларускіх рублёў, збор ахвяраваньняў працягваецца. Традыцыйны Будслаўскі фэст адбудзецца 2-3 ліпеня.
Хрысціянская Візія