Кандрусевіч: Шушкевіч прабіваў шлях да нашай незалежнасці
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
“Я не дазволю каб свет смяяўся з Беларусі. Я хачу каб свет гаварыў пра Беларусь толькі добра”, — прыгадаў словы першага кіраўніка краіны арцыбіскуп Тадэвуш падчас пахавальнай Імшы.
“8 снежня 1991 у Віскулях адбыўся новы пачатак новай гісторыі нашай краіны. Там быў ты, спадар Станіслаў. Ты быў творцам дакументу дзякуючы якому мы атрымалі незалежнасць”, — сказаў мітрапаліт на пенсіі, — “Сёння мы развітваемся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Чалавекам які стаяў ля вытокаў гэтай незалежнасці і які тварыў гэтую незалежнасць. Ён пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі”.
Падчас св. Імшы прамаўляў таксама мітрапаліт Станеўскі. “Жыццё спачылага Станіслава прыпала на перыяд вялікіх пераменаў у нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэта быў час вялікіх выпрабаванняў і вялікіх надзей”, — сказаў ён.
Іерархі падзякавалі Шушкевічу за спрыянне Касцёлу ў вяртанні святыняў і рэлігійную свабоду ў Беларусі.
Кандрусевіч прыгадаў гісторыю з 1990 г. калі Шушкевіч спрыяў перадачы будынку сённяшняй духоўнай семінарыі ў Гродне. “Мы пайшлі да Станіслава Станіслававіча. Я яму прадставіў усю справу — нам патрэбна семінарыя і Касцёл не можа адрадзіцца без сваіх святароў і без семінарыі. Ён тады сказаў словы якія заўсёды памятаю: “Я не дазволю каб свет смяяўся з Беларусі. Я хачу каб свет гаварыў пра Беларусь толькі добра”. Станіслаў Станіслававіч, мы сёння дзякуем табе за тыя словы. Яны змянілі нашу гісторыю. Мы ўвайшлі ў тую семінарыю і на сёння з яе выйшлі больш за 200 святароў”, — сказаў былы Мінска-Магілёўскі мітрапаліт.
“Сёння мы дзякуем табе за адкрытасць, за захаванне права на рэлігійную свабоду, якое з’яўляецца адным з галоўных праў чалавека. Бог стварыў чалавека свабодным”, — сказаў Кандрусевіч.