Іван Фёдараў замест Францыска Скарыны?


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Флагшток паведамляе, што праваслаўны святар з Гомельшчыны распавядаў у школе, быццам першай кнігай на Русі стаў “Апостал”, выдадзены Іванам Фёдаравым у Маскве (1564 г.).
Зазначым, што інфармацыйныя кампаніі, прысвечаныя дзейнасці маскоўскага першадрукара, праводзяцца ў РПЦ кожны год у сярэдзіне сакавіка. Яны прымеркаваныя да Дня праваслаўнай кнігі — свята, заснаванага па ініцыятыве Патрыярха Кірыла ў 2009 годзе. Сучасная РПЦ — моцна бюракратызаваная сістэма, мясцовыя царкоўныя ўлады павінны падаваць справаздачы аб праведзеных мерапрыемствах у Патрыярхію. Гэта забяспечвае Дню праваслаўнай кнігі масавасць. У Беларускім Экзархаце свята ладзіцца паводле інструкцый, агульных для ўсёй РПЦ, без уліку нацыянальнай спецыфікі.
Між тым, для Беларусі Дзень праваслаўнай кнігі па версіі Патрыярха Кірыла — чыста “экспартнае свята”, разлічанае на людзей, што не ведаюць пра Францыска Скарыну, які прыкладна на паўстагодзе раней за Фёдарава надрукаваў кірыліцай Псалтыр, кнігі Старога Запавету, Малую падарожную кнігу, Апостал у Празе і Вільні (1517 — 1525). І пазней у Вялікім Княстве Літоўскім сетка друкарняў развівалася значна хутчэй, чым у Маскоўскім царстве.
Дарэчы, сам Іван Фёдараў, як мяркуюць гісторыкі, нарадзіўся ў ВКЛ. Вядома, што Фёдарава ў 1566 годзе маскоўскае духавенства і чыноўнікі наўпрост выгналі з дзяржавы, ён вярнуўся на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і працягнуў друкарскую справу ў Заблудаве, Львове, Дзермані, Астрозе.
Называць фёдараўскі “Апостал” першай кнігай на Русі — гістарычная памылка, калі не свядомая маніпуляцыя. Нагадаем, што Біблія, выдадзеная Скарынам, мела тытул “руска”, а ў адной з грамат караля Фердынанда І 1552 года Скарына быў названы “доктарам Францішкам Русам Скарынам з Полацка”.
Экспарт расійскіх святаў вызывае недаўменне беларусаў, якія маюць больш раннюю і больш багатую гісторыю кнігадрукавання, у тым ліку кірыліцай.
