Чарговы акт вандалізму на каталіцкі касцёл

Гэтым разам былі выбіты шыбы ў шэрагу памяшканняў магілёўскай катэдры: пашкоджаны вокны прэзбітэрыя, капліц Маці Божай Бялыніцкай і св. Антонія, пакояў, дзе адбываюцца сустрэчы АА і Легіёна Марыі. Парафія звярнулася з заявай у мясцовы РАУС.

За апошнія гады выпадкі вындалізму каталіцкіх храмаў пачасціліся. У красавіку 2021 г. невядомыя праніклі ў касцёл у Навалукомлі і напісалі зняважлівыя словы на сценах прэзбітэрыя. Гэта быў адзіны выпадак, калі вінаватыя былі знойдзены.

У маі 2021 г. невядомыя пералезлі праз агароджу курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пашкодзілі дамафон, выбілі шыбу ў аўто, перавярнулі кветкі, зламалі ліхтар. У ліпені 2021 г. быў абакрадзены касцёл св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Невядомыя праніклі ў будынак і скралі правады электраправодкі і акустычнай сістэмы. Злачынцы не былі знойдзены.

У верасні 2022 года адбылося ўзгаранне ў Чырвоным касцёле ў Мінску. У выніку касцёл быў зачынены. Прычына ўзгарання пададзена не была.

Фота: catholic.by