КАНФЕСІІПа-беларускуРыма-Каталіцкая Царква

Ананімная петыцыя ад імя каталікоў патрабуе ад беларускіх біскупаў асудзіць Fiducia supplicans

Адзін з аргументаў — навучанне папы Францішка супярэчыць палітыцы беларускай дзяржавы.

1-га лютага адбудзецца чарговае пленарнае паседжанне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Паведамляецца, што адной з тэм для абмеркавання будзе дакумент Дыкастэрыі веравучэння Fiducia supplicans.

Партал katolik.life заўважыў, што напярэдадні падзеі, у чатах каталіцкіх парафій пачала распаўсюджвацца ананімная петыцыя да старшыні ККББ, біскупа Алега Буткевіча, з просьбай “не допустить появления в Белорусской Католической Церкви пагубной практики благословения блудных сожительств, а также пар, живущих в содомском грехе”.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што “однополые сожительства в Республике Беларусь являются нелегальными, и их благословение будет идти вразрез с политикой государства на укрепление традиционных семейных ценностей”.

Дэкларацыя Fiducia supplicans была апублікавана 18-га снежня 2023 года і дазваляе дабраслаўленне «неўрэгуляваных» параў, у тым ліку, параў аднаго полу. Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца, што ў такія моманты нельга выкарыстоўваць адзенне, жэсты або словы, ўласцівыя абраду сужэнства. Такія дабраслаўленні «ніколі не павінны ажыццяўляцца адначасова з грамадзянскімі абрадамі шлюбу або ў сувязі з імі». Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы неаднаразова пазней падкрэслілі, што вучэнне Касцёла аб сужэнстве застаецца нязменным.

@christianvision