Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Прамова Святланы Ціханоўскай напрыканцы малітвы за Беларусь у Берлінскім кафедральным саборы

Прамова Святланы Ціханоўскай напрыканцы малітвы за Беларусь у Берлінскім кафедральным саборы

Прамова Святланы Ціханоўскай напрыканцы малітвы за Беларусь у Берлінскім кафедральным саборы
Аўтар
Светлана Тихановская

СвятланаЦіханоўская

Лідарка дэмакратычнай Беларусі.

To read of englisch Читать по-русски

Вашы Эксцэленцыі і Правялебнасці!

Паважаныя айцы!

Шаноўнае спадарства!

Сёння мы разам маліліся ў гэтым велічным кафедральным саборы Берліна. Адмысловыя малітвы былі ўзнесены за Беларусь. За людзей, якія за апошнія некалькі месяцаў перажылі ціск, жорсткасць, гвалт. За людзей, якія пратэставалі, калі іх галасы былі скрадзеныя, і прайшлі скрозь катаванні і масавыя арышты.

Нягледзячы на ​​рэпрэсіі і гвалт, які зашкальвае, людзі ў Беларусі працягваюць свой мірны пратэст. Насуперак свайму балючаму і жорсткаму досведу, гэтыя месяцы сталі таксама ўнікальным дарам для нас. Мы прадчулі новую Беларусь. Інклюзіўнае братэрскае грамадства, дзе пануе справядлівасць. Мы спазналі надзею на будучыню, павагу да годнасці чалавечай асобы, веру ў праўду і справядлівасць. Мы жылі, натхняючыся творчасцю, узаемнай любоўю, салідарнасцю і даверам адзін да аднаго. Гэта сапраўды адкрыла нам вочы на ​​Беларусь, якую мы ствараем, дзеля якой працуем.

Такая Беларусь ужо існуе сярод суседзяў, якія збіраюцца на гарбату ў дварах, а затым ідуць на нядзельныя маршы. Яна ўжо існуе сярод урачоў, якія змагаюцца з COVID, лечаць раны пацярпелых, а разам з тым — стаяць у ланцугах салідарнасці супраць гвалту. Яна існуе сярод хрысціянскіх лідэраў і простых вернікаў, якія разам моляцца аб міры і справядлівасці і пры гэтым разам узвышаюць голас супраць несправядлівасці і гвалту. Яны працуюць на дыялог і абарону чалавечай годнасці. Яны разам сведчаць і разам здзяйсняюць служэнне.

Як ніколі раней, наша грамадства прагне пачуць сапраўдны голас рэлігійных лідэраў і абшчын. І як ніколі раней у найноўшай гісторыі Беларусі, голас людзей веры гучыць так моцна і мужна. Голас хрысціянскага актывіста Паўла Севярынца, які быў адпраўлены за краты ў чэрвені і стаў адным з першых сярод 156 беларускіх палітычных вязняў. Голас рымска-каталіцкага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які рухаў шлях дыялогу, але быў выціснуты з краіны. Голас праваслаўнага Гродзенскага архіепіскапа Арцемія, які адкрыта асудзіў фальсіфікацыю выбараў і гвалт.

Голас рымска-каталіцкага біскупа Юрыя Касабуцкага, чые ўзнёслыя казанні і заявы натхнілі людзей і прывялі ў шаленства ўладу. Голас праваслаўнага святара Уладзіміра Драбышэўскага, які выйшаў з плакатам «Спыніце гвалт» на гомельскую вуліцу і адбыў 25 сутак арышту. Голас Ірэны Бярнацкай, каталіцкай міранкі з Ліды, якая ініцыявала ружанцовую малітву за Беларусь і была судзімая некалькі разоў. Пратэстанцкія пастары Сяргей Лук’янаў, Яраслаў Вязоўскі, Тарас Цялькоўскі і іншыя ініцыявалі відэапраект «Голас Царквы», каб натхніць хрысціян на большую актыўнасць у стаянні за праўду, справядлівасць і негвалтоўнасць.

Я хацела б завяршыць свой выступ яшчэ адным голасам. Ён гучыць з засценкаў турмы. Гэта голас рымска-каталіцкага святара Вячаслава Барка з Расонаў, арыштаванага за гучныя выказванні ў сацыяльных сетках. У лісце ён адзначыў: «Я веру, што вельмі хутка ў Беларусі мы зменім арыенціры. Што замест устаноўкі турэмных кратаў і будаўніцтва муроў мы пачнем будаваць масты адзінства… Зло часовае, Дабро вечнае».

Калісьці Берлін быў падзелены цагляным мурам. Калісьці ўся Еўропа была падзелена нябачным мурам — жалезнай заслонай. Муры могуць ствараць уражанне ілжывай бяспекі і абароненасці ад ворагаў. Але ў рэальнасці яны вельмі часта аказваюцца для нас турэмнымі засценкамі. На працягу многіх гадоў беларусаў аддзялялі адзін ад аднаго разнастайныя бачныя і нябачныя муры. Але наша агульная надзея і наша прагненне свабоды і справядлівасці разбурылі рознагалоссі, захаваўшы пры гэтым адрозненні. Кожны братэрскі жэст, кожны знак салідарнасці бурыць муры. Кожны выраз даверу, кожны акт падтрымкі будуе новы мост.

Падчас сённяшняй малітвы мы атрымалі асалоду ад усяго гэтага — братэрства, салідарнасці, даверу, падтрымкі беларускага народа. Ад яго імя дазвольце выказаць вам за гэта вялікую ўдзячнасць.

Божа, дабраславі Беларусь!

13 снежня 2020

Пераклад з англійскай мовы


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава