Папа Францішак надаў “кашальку Лукашэнкі” тытул рыцара Ордэна св. Грыгорыя Вялікага
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Бізнэсмэн Аляксандр Зайцаў стаў першым у гісторыі Беларусі членам гэтага папскага Ордэна. Арцыбіскуп Станеўскі асвяціў рэгаліі і прыняў прысягу ад новага кавалера яшчэ ў пачатку лістапада 2022 г. У мерапрыемстве ўдзельнічалі кс. Ігар Лашук са Стоўбцаў і кс. Юрый Жэгарын з Навагрудка. Пра падзею не паведамлялася на афіцыйных каталіцкіх парталах.
“Пашыраў веру Касцёла”
Пропаведзь падчас падзеі сказаў кс. Ігар Лашук. “Я ведаю спадара Аляксандра шмат гадоў, яго ўзрастанне ў веры адбывалася крок за крокам. Я радуюся, што каталіцкі Касцёл адзначыў яго Ордэнам св. Грыгорыя Вялікага. Ён не толькі асабіста ўзрастаў у веры, але распаўсюджваў і пашыраў веру Касцёла тут на беларускай зямлі”, — сказаў святар.
Арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што сам Зайцаў не шукаў гэтай узнагароды, а “ўзнагарода шукала рыцара Аляксандра, рыцарская годнасць шукала яго”. «Напэўна вернікі каталіцкага Касцёла ўдзячныя вам і аддаюць Богу хвалу за тое, што ў 21 ст. на нашай сінявокай Бацькаўшчыне ёсць такія вялікія людзі”, — сказаў арцыбіскуп.
Хто такі Аляксандр Зайцаў?
Бізнэсмэн быў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, дарадцам прэм’ера Сяргея Сідорскага, па некаторай інфармацыі быў таксама памочнікам Віктара Лукашэнкі. Валодае шэрагам бізнэсаў, самым вядомым з якіх з’яўляеца Sohra Group зарэгістраваным у ААЭ. Разам з бізнэсмэнамі Мікалаем Вараб’ёвым і Аляксеем Алексіным валодае кампаніяй “Бремино групп”. Шмат гадоў уваходзіць у топ-100 найбольш паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі.
У чэрвені 2021 г. Зайцаў і вышэўзгаданыя бізнэсы былі ўключаны ў Чорны спіс ЕС як “тыя, хто атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі”. Таксама ўнесены ў санкцыйныя спісы Канады, Швейцарыі, Нарвегіі, Ісландыі, Албаніі і шэрагу іншых краін. Пасля нападу Расіі на Украіну, ЗША таксама наклалі на Зайцава санкцыі, а папярэдне яго кампанія Sohra Group была ўключана ў спіс “спецыяльна абазначаных грамадзян і заблакіраванных асобаў ЗША”.
Што Зайцаў зрабіў для Касцёла?
Асоба бізнэсмэна не ўзгадваецца ў каталіцкіх СМІ і невядомая ў шырокім коле вернікаў. Хутчэй за ўсё Аляксандр Зайцаў падтрымліваў некаторыя каталіцкія праекты фінансамі. Пра гэта падчас цырымоніі асвячэння рыцарскіх рэгалій наўпрост узгадвае арцыбіскуп Станеўскі. На якія канкрэтна праекты даваў сродкі Зайцаў невядома. Такая інфармацыя заўжды мае неяўны характар.
Напэўна асноўнай сферай дапамогі бізнэсмэна з’яўляецца будаўніцтва. Нездарма падчас урачыстасці актыўны ўдзел прымаў кс. Ігар Лашук, біскупскі вікарый па справах будаўніцтва і рамонту сакральных будынкаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Таксама гэта ўскосна можа пацвярджаць удзел кс. Юрыя Жэгарына — на працяг апошніх дзесяці гадоў ён адбудоўваў рэкалекцыйны дом у Навагрудку і рамантаваў мясцовы касцёл.
Падчас пропаведзі кс. Лашук прыгадвае адну акцыю якую падтрымаў Зайцаў — перэгрынацыю фігуры св. Міхала Арханёла. Яна пачалася ў 2018 г., у 2020-21 гг. кс. Лашук актыўна ездзіў з гэтай фігурай па касцёлах Беларусі і арганізоўваў малітвы ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.
З гэтай жа фігурай святар ездзіў па каталіцкіх парафіях уздоўж мяжы з Украінай пасля пачатку расійскага уварвання. “Чыталі экзарцызмы каб дэман вайны пакінуў Крэмль (…) Маліліся каб палітыкі палітыкі былі палітыкамі, а не галаварэзамі”, — напісаў тады кс. Лашук. Неўзабаве пасля гэтага на кс. Лашука была заведзена адміністрацыйная справа за распаўсюд “экстрэмісцкага кантэнта” і святар быў пакараны 30-цю базавымі штрафа.
Што такое Ордэн св. Грыгорыя Вялікага?
Гэта найвышэйшая адзнака для свецкіх асобаў якая прызнаецца папам рымскім. Была ўстаноўлена ў 1831 і даецца за “вайсковыя ці цывільныя заслугі ў падтрымцы пачынанняў Апостальскай Сталіцы”. Ініцыятарамі надання звання рыцара Ордэна св. Грыгорыя Вялікага зазвычай з’яўляюцца мясцовыя біскупы ці апостальскі нунцый. Разглядаюцца гэтыя справы пераважна у Дзяржаўным Сакратарыяце Святога Пасаду.