У Беларусі адбылася змена кіраўніка Грэка-каталіцкай царквы
У капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылося ўвядзенне ў служэнне новапрызначанага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі — айца Лявонція Тумоўскага. Фактычна гэта азначае змену кіраўніка Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
На ўрачыстасці прысутнічалі папярэднік айца Лявонція — архімандрыт Сяргей Гаек, Мінска-Магілёўскі мітрапаліт Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама біскупы, святары і вернікі.
У цырымоніі таксама ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Іньяцыё Чэффалія, які сам з’яўляецца грэка-каталіцкім біскупам.
Змена кіраўніцтва Беларускай грэка-каталіцкай царквы адбываецца ў няпросты для супольнасці час. У выніку перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый грэка-католікі страцілі 25% раней зарэгістраваных парафій. Гэта стала адным з наступстваў рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да непажаданых уладам рэлігійных супольнасцяў.







