Мітрапаліт Станеўскі стварыў “калегіяльнага” пробашча для парафіі святога Сымона і святой Алены. Што гэта азначае?
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Мінска-Магілёўская Мітрапалітальная курыя прыняла рашэнні адносна далейшай дзейнасці супольнасці вернікаў ва ўмовах закрыцця Чырвонага касцёла. Сярод іншага, паведамляецца што кс. Юрый Санько быў прызначаны “адміністратарам парафіі святога Сымона і святой Алены ў горадзе Мінску для вядзення спраў, звязаных з рамонтам і будаўнічымі працамі ў парафіяльнай святыні, у якасці афіцыйнага прадстаўніка парафіі і Мінска-Магілёўскай Мітрапалітальнай курыі ў вядзенні перамоў з дзяржаўнымі ўладамі”.
Паводле канонаў каталіцкай Царквы, біскуп мае права даверыць апеку над парафіяй адразу некалькім святарам “калі гэтага патрабуюць акалічнасці”. Пры гэтым адзін з ксяндзоў застацца мадэратарам і адказным за парафію перад біскупам. У камунікаце зусім не абгаворваецца роля Завальнюка, а яго асоба не згадваецца. З чым гэта звязана, невядома.
Паводле вуснай інфармацыі, атрыманай ХВ, кс. Завальнюк застаецца пробашчам. Але ў чым будзе заключацца ягоная роля, пакуль можна толькі гадаць. Такім чынам мы маем дачыненне з рэдкай з’явай у беларускім Касцёле — частка адказнасці за парафію перадаецца іншаму святару бяз змены пробашча. У чым прычына?
Несупадзенне поглядаў Мінска-Магілёўскай курыі і кс. Завальнюка па стратэгіі дзеянняў у сітуацыі закрыцця і фактычнага адабрання Чырвонага касцёла ў вернікаў было відавочным ад самага пачатку. Публічная малітва пробашча перад уваходам, рэзкі зварот парафіяльнага камітэту да ўладаў, запрашэнне на развітальную Імшу і фінальнае ўладкаванне пробашча дворнікам моцна кантраставала са стрыманай рэакцыяй мітрапаліта Станеўскага. Калі на першай сустрэчы з уладамі яшчэ прысутнічаў кс. Завальнюк і прадстаўнікі парафіяльнага камітэту, то на наступных абыходзіліся без яго.
Верагодна, што ў прыватнай камунікацыі арцыбіскуп Юзаф прасіў ці патрабаваў кс. Завальнюка ўстрымацца ад нейкіх крокаў, аднак фармальна іерарх не можа забараніць пробашчу рабіць так, як той лічыць правільным. Верагодна ва ўмовах ціску рэжымных уладаў на Мінска-Магілёўскага мітрапаліта, ён вырашыў забраць частку ўлады пробашча ў кс. Завальнюка і надзяліць ёй кс. Юрыя Санько. То бок фармальна цяпер ён не можа ўмешвацца ў справы “звязаныя з рамонтам і будаўнічымі працамі ў парафіяльнай святыні”, а таксама весці “перамовы з дзяржаўнымі ўладамі”.
Хутчэй за ўсё курыі стала відавочна, што гаворкі пра хуткае вяртанне касцёла, ці абяцанае памяшканне для вернікаў ўжо не ідзе. Два месяцы сітуацыя заставалася ў падвешаным стане і цяпер мітрапаліт спрабуе размежаваць паўсталую сітуацыю — кс. Завальнюк застаецца пробашчам, а “таксічнай” справе Чырвонага касцёла вызначаны “крызісны мэнэджэр” кс. Юрый Санько.