Касцёльны камітэт Чырвонага касцёла не здаецца. «Мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла»

«На

16.10.2022 г. адбылося паседжанне касцёльнага камітэта парафі Святога Сымона і Святой Алены, на якім удзельнікі абмеркавалі бягучую сітуацыю. Мы прыводзім ліст камітэта цалкам:

1. Касцёльны Камітэт катэгарычна не згодны з пастаноўкай пытання аб раптоўным скасаванні дамовы арэнды. Парафію прымушаюць імгненна вызваліць памяшканне касцела і плябаніі, на што парафія не мае ні фізічных, ні юрыдычных, ні матэрыяльных сродкаў. На наша запатрабаванне (№30 ад 10.10.2022 “Аб прадстаўленні дакументаў”), якое было даслана ў КУП “Мінская спадчына” з просьбай прадаставіць копію, або даць магчымасць азнаёміцца з дакументацыяй, якая на сёняшні дзень знаходзіцца ў касцёле і да якой не маюць доступу прадстаўнікі касцёла, адказу няма. А адсутнасць магчымасці працаваць з дакументацыяй паралізавала юрыдычную і фінансавую дзейнасць парафіі. Нам таксама не прадстаўлены і акт агляду памяшканняў комплекса будынкаў Чырвонага касцёла ад 03.10.2022. Толькі атрымаўшы неабходныя дакументы мы можам прадметна разглядаць справу і абмяркоўваць варыянты дзеянняў.

2. Падрыхтоўкай касцёла да асення-зімовага перыяду займаецца КУП “Мінская спадчына”. Менавіта гэта арганізацыя рыхтуе пашпарт гатоўнасці да асення-зімовага перыяду, у тым ліку адказвае і за спраўнасць ліній электрасетак і электраабарудавання. Таму мы не згодны з абвінавачаннем парафіі ў меркаванай прычыне ўзгарання, якая адзначана ў Пратаколе № 5 ад 26.09.2022 паседжання камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага р-на г.Мінска: “парушэнне правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабарудавання”. Узгаранне адбылося ноччу, калі нагрузка на электрасеткі была мінімальная.

3. Паколькі да гэтага дня ні прадстаўнікам касцёльнага камітэта, ні святарам, якія служаць у касцеле, ні біскупам, ні нават Мітрапаліту не была дадзена магчымасць убачыць сваімі вачыма пашкоджанні і пераканацца ў аварыйным стане касцёла (а ўзгаранне падцверджана толькі ў прыбудове да касцёла), то мы адмаўляемся выносіць рэчы з касцёла, бо лічым гэта беспадстаўным і немагчымым з вышэй азначанай прычыны. Тое, што прадстаўнікам парафіі забаронены ўваход у касцёл, а супрацоўнікам  КУП “Мінская спадчына” і іншых арганізацый ён не абмежаваны, выклікае недавер і падазронасць.

4. Акрамя гэтага мы не атрымалі адказ на пытанне ці быў складзены акт апісання касцёльнай маёмасці, якая знаходзіцца ўнутры будынка, не паведамлена, якая ўстанова і у чыёй асобе нясе адказнасць за яе захаванне і таксама за грашовыя ахвяраванні вернікаў, якія знаходзяцца ўнутры будынка, хто праводзіў перапіс і ўлік вышэйазначаннага . Нам таксама не прадставілі дакументы, на падставе якіх для нас абмежаваны доступ у касцёл.

5. Да гэтага часу не выкананы п.1.1.5. пратакола пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска аб стварэнні СУМЕСНАЙ камісіі з прадстаўнікамі КУП “Мінская спадчына” і парафіі аб вызначэнні пашкоджанняў і наступстваў узгарання.

6. Такім чынам, ўсе азначанныя пытанні не вырашаны, а парафія засталася сам на сам з пагрозай страты касцельных каштоунасцяў, а менавіта культавых рэчаў, архіваў, бібліятэкі, прыстасаванняў і механізмаў патрэбных пры ажыццяўленні штодзеннай дзейнасці касцёла. Таму мы не згодны, што на сустрэчы прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі ўлады па справе Чырвонага касцёла 14.10. у Мінгарвыканкаме атрымаўся “канструктыўны дыялог”.

7. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей падкрэсліў, што “гэта – касцёл”. Сапраўды так, гэта – сакральнае, асвечанае месца. Таму і рэмонт у ім павінны адбывацца пад пэўным наглядам і з блаславенства духоўных асобаў.

8. Касцёльны камітэт прапануе зрабіць патрэбны рэмонт за кошт парафіі (ахвяраванні і праца вернікаў), без прыцягнення бюджэтных сродкаў у найхутчэйшы тэрмін.

9. Касцёльны камітэт адзінагалосна пастанавіў хадатайнічаць у кампетэнтныя органы аб перадачы будынка касцёла на баланс парафіі.

Чакаем вашай падтрымкі і малітвы

Касцёльны камітэт парафіі Святога Сымона і Святой Алены