Малітва супраць вайны і гвалту
З творчасці нашых сяброў.
У імя Айца, і Сына, і Святога Духа!
Госпадзі, Іісусе Хрысце, Сыне Божы, у святым Евангеллі Ты гаворыш нам: «запаведзь новую даю вам: каб вы любілі адзін аднаго; па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою», і праз святога евангеліста Іаана Ты навучаеш нас ісціне: «што любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, той народжаны ад Бога і знае Бога; а хто не любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў».
І яшчэ Ты гаворыш нам, што: «Усякая няправеднасць — гэта грэх,
і што ўвесь свет ляжыць у зле»; і папярэджваеш нас: «Калі ж пачуеце пра войны і чуткі аб войнах, не жахайцеся, бо павінна так быць. Бо паўстане народ на народ, і царства на царства, і з-за памнажэння беззаконня астыне ў многіх любоў».
І насамрэч, Божа, мы бачым, што такія жахлівыя з’явы, як вайна, гвалт і беззаконне пануюць паміж людзьмі.
Госпадзі, толькі Ты — нашае спадзяванне, пачуй стогн сэрцаў нашых і звярні ўвагу на нашыя малітвы!
Божа, Ты бесперастанна дбаеш за любы народ і кожнага чалавека, і «загадваеш сонцу Свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі і пасылаеш дождж на праведных і няправедных».
Божа, калі дзесьці ідзе вайна, мы просім аб Тваёй пільнай увазе над тымі народамі!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
Яшчэ мы звяртаемся да Тваёй Прачыстай Маці і ўсіх святых!
Прасвятая Багародзіца, малі Бога за нас!
Усе святыя, маліце Бога за нас!
ЧАСТКА І
Мы молімся за параненых, што ляжаць на полі бою альбо пакутуюць у акопах, завалах, варонках. Мы просім, каб ніць іх жыцця не парвалася; просім загаіць раны і спыніць крывацёк, спатоліць ім голад і смагу, сагрэць дыханнем Духа Святога!
Мы молімся за ўсіх медыцынскіх сёстраў, санітараў і валанцёраў, якія ратуюць параненых салдат, мы просім пазбавіць іх смерці і ахінуць пад прыцэльным агнём!
Мы молімся за кожнага, хто выносіць з поля бою параненага таварыша!
Мы молімся за душу таго самотнага салдата, які памірае дзесьці без дапамогі, і просім дараваць яму грахі!
Божа, мы молімся за кожнага, хто пакутуе ад холаду альбо хаваецца ў разбомбленых дамах каля вогнішчаў!
Божа, мы просім пашкадаваць старых людзей, якія засталіся без дагляду, цяпла і ежы!
Божа, мы молімся за тых, хто ноччу шукае прытулку і блукае па лесе; молімся за тых добрых людзей, што пускаюць чужынцаў ў хату, нягледзячы на іх вайсковую прыналежнасць!
Молімся за тых, хто падбірае і прымае параненых, рызыкуючы сваімі сем’ямі, жыццём і свабодай!
Мы просім благаславіць медыкаў, якія тайна дапамагаюць параненым; просім адвесці ад іх позірк карных службаў і выведнікаў; просім дапамагчы знайсці неабходныя сродкі, лекі і матэрыялы!
Мы молімся за ўсіх зніклых!
Мы молімся за разарваных ад выбухаў і бамбёжак; за ўсіх, каго не апазналі перад пахаваннем!
Мы молімся за брыгады магільшчыкаў і эксгуматараў!
Мы просім, каб у пахаронках не было памылак!
Божа, мы просім усіх, хто лічыцца без весткі загінулым, а насамрэч жывы, вярнуць дамоў і абнадзеіць іх родзічаў!
Божая Маці, Прасвятая Багародзіца, Ты, Якая зведала боль ад смерці Свайго Сына, мы просім, каб Ты была з усімі матулямі забітых дзяцей і салдат! Мы просім, наколькі гэта магчыма, суцешыць іх боль!
Божа, дзеля радасці і прадаўжэння роду Ты даў чалавеку вялікі дар кахання. Мы молімся за ўсіх, у каго нарадзілася каханне падчас вайны!
Молімся за ўсіх дзяцей, якія зачаліся, няхай і без шлюбу, просім каб яны ўсе нарадзіліся! Каб не загінулі ва ўлоннях матуляў на вайне і пры катаваннях ў варожых засценках!
Божа, калі кат збівае цяжарную жанчыну — спыні яго!
Мы молімся за ўсіх пакінутых немаўлятаў; каб ніхто не загінуў, не замёрз, не памёр ад голаду; каб дзеці, якія згубіліся, знайшлі сваіх бацькоў!
Мы молімся за ўсіх сіротаў, просім дапамагчы ім у далейшым жыцці, загаіць іх душэўныя раны і паслаць ім добрых людзей!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
ЧАСТКА ІІ
Божа, мы просім даць розум камандзірам, якія дарэмна губяць падначаленых людзей і аддаюць злачынныя і дурныя загады!
Молімся за ўсіх начальнікаў, якія плануюць вайсковыя аперацыі; просім, каб яны помнілі пра каштоўнасць чалавечага жыцця і шкадавалі салдат!
Божа, спыні ўсіх кар’ерыстаў, якія здольныя ісці па жыццях і лёсах іншых людзей!
Божа, дай Боскія ўзнагароды сапраўдным героям і будзь міласцівым да баязліўцаў!
Мы молімся за кожнага, хто падымаецца ў атаку ці ідзе ў прарыў; за кожнага, хто ляжыць пад артабстрэлам ці акопваецца пад мінамётным агнём!
Мы просім пазбавіць ад палону акружэнцаў; вывесці іх з гіблых лясоў і балотаў і паказаць шлях дамоў!
Божа, Ты стварыў чалавечае цела і назваў яго «храмам Святога Духа». Мы просім, каб асколкі і кулі абміналі чалавечыя целы, альбо, калі ўжо немагчыма, наносілі найменшую шкоду, не закраналі важныя органы і праходзілі праз мяккія тканіны!
Мы просім усім пілотам самалётаў, ці наводчыкам мішэняў на любыя, мірныя ці вайсковыя аб’екты, даць разуменне, што там жывыя людзі, і спыніць іх рукі; просім выпушчаныя ракеты адвесці ад канчатковай мэты і змяніць траекторыі!
Божа, як страшна бачыць, калі снарад трапляе ў бронетэхніку ці верталёт, і гінуць цэлыя экіпажы! Мы просім, каб усе экіпажы вярнуліся дамоў, у караблі не траплялі тарпеды, і ніхто не задыхнуўся пад вадой без паветра!
Божа, мы просім спыніць сэрцы ад помсты, паменшыць гнеў і прагнасць варожай крыві; і молім, каб нідзе не было бязвінных ахвяр!
Мы просім, каб ніхто не быў апантана забітым па законе ваеннага часу; каб прадстаўнікі вайсковых трыбуналаў не забывалі пра літасць!
Божа, засцеражы мірнае насельніцтва ад жорсткага стаўлення захопнікаў і марадзёраў; а калі ўжо немагчыма дастукацца да іх сэрцаў, умяшайся звыш Сваёй сілай і спыні ўсю жахлівую пажаднасць і раз’юшанасць!
Божа, Ты, Які агнём папаліў грэшныя гарады Садом і Гамору, засцеражы ўсіх ад сэксуальнага гвалту; калі дзесьці нехта хоча згвалціць кагосьці, спыні яго; дапамажы ахвярам вырвацца і збегчы; не дай здейсніцца злачынству!
Мы молімся за тых, хто застаўся на акупаваных тэрыторыях і не ведае, як жыць у гэтых варунках, як працаваць і карміць сям’ю, але не здраджваць сумленню і не ісці на супрацоўніцтва з варожай уладай!
Мы молімся за ўсіх, хто супрацьстаіць чужынскай агрэсіі на роднай зямлі. Мы просім, каб яны не патрапілі ў засценкі карнікаў, каб засталіся жывымі, каб пралілі як мага менш крыві; каб з-за іх змагання не пакутавалі закладнікі, і не адбываліся забойствы мірнага насельніцтва!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
ЧАСТКА ІІІ
Госпадзі, у святым Евангеллі Ты гаворыш Сваім вучням, «што тыя, хто лíчыцца на чале народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць імі».
Мы просім аб спыненні прапаганды і агітацыі апраўдання вайны; каб ніякая хлусня не падмяняла праўду ў свядомасці людзей!
Мы молімся за тых палітыкаў, якія прымаюць рашэнні аб пачатку вайны; мы просім спыніць іх; даць ім розум і бачанне той бездані жаху і адчаю, у якія яны ўводзяць свае народы!
Мы просім напоўніць іх сны і ночы крыкамі і стогнамі забітых і параненых, лямантам матуляў, якія атрымоўваюць пахаронкі; каб яны, вяршыцелі чалавечых лёсаў, задумаліся, і праз пакуты сумлення змянілі свой светапогляд!
Але калі ўжо немагчыма паўплываць на іх жорсткія сэрцы благадаццю, і калі з-за іх амбіцый гінуць тысячы людзей, Божа, Ты, Які дзесяць разоў намагаўся паўплываць на егіпецкага фараона, сцісні сэрцы гэтых сучасных фараонаў, і пакліч іх на Свой страшны суд!
Божа, калі прыйшоў час сустрэцца фараонам з Табой, не марудзь, забяры іх у вечнасць!
Мы молімся за тыя нівы і палеткі, якія гараць і топчуцца пяхотай і бронетэхнікай; мы молімся за несабраныя ўраджаі; молімся за зямлю, якая сумуе па зерні, плугах і аратаях!
Божа, вярні ўсіх земляробаў да зямлі. Няхай іх рукі трымаюць саху, а не зброю!
Божа, колькі снарадаў, мінаў і гранат застаецца ляжаць у зямлі. Мы просім, каб людзі абміналі гэтыя небяспечныя пасткі, каб дзеці ніколі не знаходзілі гэтыя страшныя знаходкі; каб пасля заканчэння вайны ніколі не гучалі выбухі і ніхто больш не гінуў!
Божа, дапамажы інвалідам і камісаваным уладкавацца ў жыцці, дапамажы ім займець жытло і атрымаць працу; сустрэць каханне і нарадзіць дзяцей!
Божа, будзь з кожным, хто знаходзіцца ў адчаі ці стаіць на мяжы самагубства!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
Госпадзі, памілуй!
ЧАСТКА ІV
Госпадзі, Іісусе Хрысце, перад Сваім апошнім уваходам у Іерусалім Ты сказаў вучням: «чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца».
Таму мы звяртаемся да Цябе, Які зведаў, што такое быць бязвінна асуджаным, прайсці праз няправедны суд і ўзысці на прыладу катавання, і просім Цябе быць з кожным, хто ідзе на допыт і каго збіваюць у турэмных казематах!
Мы просім Цябе ўсім служкам закону, якія фабрыкуюць ложныя справы і вытрасаюць паказанні, даць бачанне грахоў і памяць пра адказнасць перад Табой і людзьмі; каб яны помнілі, што катуючы любога чалавека, яны зневажаюць Цябе!
Божа, мы просім адкрыць архівы і назваць імёны ўсіх злачынцаў, каб памяць пра іх злачынствы была перасцярогай для наступных пакаленняў!
Божа, Сваімі пакутамі на крыжы Ты ўспрыняў увесь боль чалавецтва!
Ты, Які зведаў адчай, адзіноту і крывавую малітву ў Гефсіманскім садзе, дапамажы кожнаму, хто стаіць перад страшным маральным выбарам, альбо чакае допыту, ці жыве апошнюю ноч перад расстрэлам! Будзь з гэтымі людзьмі, не пакідай іх, падай ім надзею і веру!
Божа, Ты, Які стаяў на судзе перад сінедрыёнам і зведаў здзек ілжэсведчання, просім кожнаму, хто чакае суда, даць патрэбныя словы мужнасці і мудрасці!
Божа, Ты, Які праз жаночы сон намагаўся змякчыць сэрца Понція Пілата, паўплывай на сэрцы ўсіх суддзяў і пракурораў, якія збіраюцца вынесці злачынныя прысуды; падай ім бачанне праўды, усялі ў іх сэрцы справядлівасць і літасць да ахвяр!
Божа, Ты, Які ні слова не сказаў у той апошні ранак, стоячы перад царом Ірадам, падай подзвіг маўчання кожнаму, хто знаходзіцца перад абліччам забойцы!
Божа, Ты, Які быў збіты рымскімі легіянерамі, падай усім турэмным служкам павагу да вязняў, пазбаў іх грубасці; падай ім паважлівае стаўленне да зняволенага чалавека!
Божа, Ты, Які зведаў здраду Іуды, засцеражы нас усіх ад здрадніцтва; спыні кожнага, хто хоча напісаць данос; змый чарніла слязьмі пакаяння, а тым, хто ўжо здзейсніў здраду, дапамажы выправіць гэты грэх і паменшы пакуты іх ахвяраў!
Божа, умяшайся ва ўсе сітуацыі, калі прадстаўнікі карных структур схіляюць ці прымушаюць кагосьці да тайнага супрацоўніцтва; знішчы ўсе подпісы і вызвалі падпісантаў ад іх абяцанняў!
Божа, Ты, Які Сам зведаў арышт, дапамажы тым, каго ідуць бязвінна арыштоўваць; заблытай узброеныя атрады ў лабірынтах вуліц і змяні маршруты аператыўных груп; дапамажы ахвярам збегчы, ці калі ўжо немагчыма, дай ім прыняць свой лёс з мужнасцю!
Божа, у час Твайго арышту Твае вучні разбегліся ад страху; дапамажы кожнаму пры арышце не праявіць баязлівасці, не кінуць таварыша і не здрадзіць сяброўству; нікога не выдаць і не даць паказанняў!
Божа, мы звяртаемся да людзей, узнагароджаных Табой пашанай святасці!
Святы Нікадзім, тайны вучань Іісуса Хрыста і святы Іосіф Арымафейскі, дапамажыце ўсім, хто вагаецца ў сваёй грамадзянскай пазіцыі альбо баіцца адкрыта выступіць супраць хлусні і гвалту; дапамажыце такім людзям праявіць неяк інакш сваю карыснасць у служэнні праўдзе!
Мы звяртаемся да прарока Іаана Хрысціцеля і святога мітрапаліта маскоўскага Філіпа, якія ведаюць, што такое сказаць праўду у вочы тырану і быць закатаваным у вязніцы; калі нехта атрымаў злачынны загад, маліце Бога спыніць ката і не даць здзейсніць забойства!
Мы звяртаемся да святых жанчын-міраносіц. Вы, якія прыйшлі да пячоры, каб знайсці цела Сына Божага, маліце Госпада падаць сілы ўсім гаротным жанчынам, якія стаяць у турэмных чэргах; паслаць ім цярпенне і супакоіць іх слёзы; як мага хутчэй вярнуць іх родных дамоў і паменшыць ім пакуты чакання; загаіць сардэчныя раны дзяцей, якія растуць без бацькоў!
Святыя новамучанікі і спаведнікі, вы, якія зведалі пакуты турэмнага зняволення, маліце Госпада за ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі, альбо мерзне ў карцарах ці канваіруецца ў этапах!
Божа!!!
На жаль, нашыя просьбы могуць быць бясконцымі, бо страшная бездань чалавечых пакутаў, і немагчыма выказаць яе простымі словамі!
Гэты боль нясцерпны для нашых сэрцаў, таму спадзяемся толькі на Тваю міласць і заступніцтва!
Няхай на ўсё будзе святая Твая воля!
Амінь.
Госпадзі, памілуй…
Госпадзі, памілуй…
Госпадзі, памілуй…