Выступленні, допісы ў фэйсбуку, інтэрв'юМОВЫПа-беларускуСЛОВЫ

Лямантаваць аб Беларусі

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію».
Аб'ява аб заснаванні групы.
Місія групы.

Іншыя артыкулы

Пазаўчора, у сто чацвёртыя ўгодкі БНР выйшаў першы нумар газеты «Лямант». Стваральнікі яе бяруцца «згуртаваць усе свае творчыя, інтэлектуальныя, маральныя высілкі для барацьбы з тыраніяй у Беларусі».

У гэтым нумары 11-я старонка прысвечана паэзіі Надзеі Гарэцкай. Надзея — верніца. І яе паэзія шмат у чым рэлігійная па зместу. Пры гэтым яна піша пра грамадскія тэмы, асабліва пра тыя, што сталі важнымі пасля пратэстаў 2020 года (Курапаты, Акрэсціна, палітвязні і г. д.). Таму яе вершы — гэта часта перапляценне нерваў грамадскай і рэлігійнай думкі. Тыя, што выбраны для нумара, пераканаўча пра гэта сведчаць.

Прапануем адзін з іх (у ім евангельскія алюзіі даволі відавочныя).

Шчаслівыя

Шчаслівыя, што на свабодзе,
У родным мястэчку і хаце.
Пішыце лісты, будзьце ў згодзе,
Маліцеся. Верце. Чувайце.

Шчаслівыя, што ў выгнанні,
Пад сцягам святым на канцэрце.
Агучвайце нашы чаканні.
Спявайце. Прасоўвайце. Верце.

Шчаслівыя, што ў вязніцах,
Што свецяць любоўю з-за кратаў.
Шукайце свабоды крыніцы,
Ламайце муры пешняй праўды.

Шчаслівыя, што ў магілах,
Імёны каторых запомнім.
Цячыце крывёй у нашых жылах,
Уздымайце з кален, калі стогнем.

Ды гора вам, тыя, што гінуць,
Пакорна йдучы на закланне.
Вас струшчаць у попел і кінуць
Пад ногі свіней на таптанне.