Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Ад мамы Францішка Севярынца папу Францішку

Ад мамы Францішка Севярынца папу Францішку

Ад мамы Францішка Севярынца папу Францішку

Read in English

14 чэрвеня 2021

Ваша Святасць, глыбокапаважаны Папа Францішак,

Я б не адважылася пісаць да Вас, калі б не трагічныя падзеі, якія адбываюцца ў маёй дарагой Беларусі і ў маёй сям’і. Я звяртаюся да Вас, каб распавесці гісторыю маленькага хлопчыка Францішка і яго таты.

Мы жывем у сталіцы Беларусі ў Менску. Калі мы з мужам даведаліся, што чакаем дзіця, былі дні 500-годдзя з выдання Бібліі Францішка Скарыны – першай друкаванай беларускім асветнікам Бібліі. І мы вырашылі назваць нашага хлопчыка ў гонар Скарыны і ў Ваш гонар – Францішкам. Зараз Францішку тры гады, і ўжо год ён расце без таты.

Яго тата, Павел Севярынец, больш за год знаходзіцца ў беларускай турме. Павел – шчыры вернік, хрысціянін, пісьменнік, ён адзін з тых, хто аднавіў у Беларусі легендарную хрысціянскую партыю 1920-30 гадоў “Беларускую хрысціянскую дэмакратыю”. Усю сваю дзейнасць, кнігі і сям’ю ён будуе на хрысціянскіх каштоўнасцях. Беларусь, якая верыць у Бога, — яго галоўная мара, і ён ідзе да гэтай мары, не шкадуючы сябе.

За ўвесь час дыктатуры ў Беларусі Павел па незаконных прысудах правёў па турмах, ізалятарах і “хіміях” каля 7,5 год. Летась яго 70 сутак безпадстаўна трымалі ў карцары – маленькім памяшканні без вокнаў, без асабістых рэчаў, у яго забралі нават Біблію, у яго не было коўдры і матраса, каб спаць ён падкладаў бутэльку з вадой пад галаву, цэлае лета яго не вадзілі на прагулкі і ў душ. Адзінае, што ён мог рабіць у карцары – хадзіць і маліцца.

На неправедным судзе Павел абраў пазіцыю маўчаць, спаслаўшыся на тое, што і Хрыстос маўчаў, калі яго несправядліва судзілі. Закрыты суд незаконна прысудзіў Паўлу 7 год узмоцненага рэжыму, хоць усе яго дзеянні былі абсалютна мірнымі і не выходзілі за рамкі беларускай Канстытуцыі.

І сёння ў Беларусі сотні такіх людзей і гісторый. У турмах застаюцца таты, шматдзетныя мамы, хворыя людзі, дзеці, адзінае злачынства якіх — гэта жаданне жыць у свабоднай Беларусі. Многія з гэтых людзей адчаіліся, яны прагнуць праўды і справядлівасці. Кожны з іх нясе свой крыж за Беларусь.

Павел кажа, што сёння ў Беларусі ўсё залежыць ад Царквы – узнясе яна голас за праўду ці будзе працягваць жыць у хлусні і страху, закрываючы вочы на пакуты людзей.

Францішак, наш доўгачаканы сынок, расце без таты і за гэты год ён навучыўся гаварыць, маліцца “Ойча наш”, спяваць, яго любімы спеў “Я не баюся, мой Бог са мной”. Павел дасылае Францішку з турмы малюнкі, піша лісты, просіць слухацца маму і маліцца Богу.

Нядаўна нам далі першае за год спатканне з татам і мужам, мы пайшлі на яго разам з Францішкам, мы размаўлялі з Паўлам праз шкло, смяяліся, маліліся разам. У канцы Францішак вельмі прасіў, каб тата пайшоў з ім на вуліцу гуляць, але тата не можа гэтага зрабіць, хоць ён ні ў чым не вінаваты.

Павел – цудоўны тата, каханы муж. Я гавару сыночку, што яго тата герой. Мы з Францішкам яго вельмі любім і чакаем, але я вельмі баюся, што ён не вернецца да нас з беларускай турмы.

Просім Вас памятаць і маліцца за нашу сям’ю, за Паўла, за маленькага Францішка, а таксама за ўсіх зняволеных і змучаных беларусаў.
Просім Вас аб малітве за Беларусь. Многія беларусы мараць жыць у краіне, якая будзе грунтавацца на хрысціянскіх каштоўнасцях і на праўдзе, і ўжо вельмі многае зрабілі, каб так аднойчы сталася.

Памятайце пра нас у малітве.

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава