Пасьпяхова завяршыўся збор сродкаў на помнік Вітольду Ашурку ў грэка-каталіцкай парафіі Антвэрпэна


Піша Іван Майсейчык, святар беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпэне, Бельгія:
“Дарагія Сябры, мілыя ў Богу дабрадзеі і ахвярадаўцы,
шчыра Вам дзякую за тое, што Вы адгукнуліся на заклік ушанаваць памяць героя і мучаніка Вітольда Ашурка і ўсіх бязвінна забітых антыбеларускім рэжымам і ахвяравалі свае сродкі і высілкі.
ЗБОР ЗАВЕРШАНЫ. Сабрана 3569.16 еўра, на 69 еўра больш, чым было патрэбна на выгатаўленне і інсталяцыю манумента.
Гэтая “лішка” пойдзе на кветкі да манумента на свяце асвячэння: ад кожнай з 39-ці сямей ахвярадаўцаў па 1,77 еўра…
Свае ахвяраванні прыслалі 39 чалавек (сямей), унёсак кожнага ёсць бясцэнным не толькі ў ахвяраваных сродках, але і ў той салідарнасці, якой наш народ патрабуе як ніколі.
Перад кожным з Вас схіляю сваю галаву і абяцаю адправу Боскай Літургіі ў інтэнцыі кожнага з Вас.
Беражы Вас Бог у гэты ліхі час.
Справаздача і спіс ахвярадаўцаў пададзены ніжэй у маёй ленце.”
Асвячэнне помніка адбудзецца падчас Літургіі на Дзяды, 31 кастрычніка.