Дазвольце арцыбіскупу вярнуцца дадому
Ад Амбасадара Злучаных Штатаў па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды Сэмюэла Браўнбэка і Міністра замежных спраў Латвіі Эдгарса Рынкевічса
З моманту як Аляксандр Лукашэнка ілжыва аб’явіў аб сваёй рашучай перамозе ў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, якія не былі ані свабодным, ані справядлівымі, мірныя пратэстуючыя выходзяць на вуліцы ў колькасці, рэкорднай у гісторыі краіны. У адказ на гэта тысячы людзей былі збітыя і затрыманыя органамі бяспекі, а апазіцыйныя і рэлігійныя лідэры, уключаючы арцыбіскупа Кандрусевіча, былі выгнаныя, дэпартаваныя з краіны ці зняволеныя. Нягледзячы на прыкметы таго, што нават Крэмль быў здзіўлены жорсткасцю гвалту, ужытага беларускімі уладамі супраць пратэстоўцаў, расійскі ўрад неразумна працягвае падтрымліваць рэжым.
Вернікі, якія выказваюцца супраць гвалту і брутальных дзеянняў улады пасля выбараў, таксама не засталіся не закранутыя. Прадстаўнікоў духавенства затрымліваюць і запалохваюць проста за выказванні супраць адвольнага выкарыстання рэжымам сілы, той занепакоенасці, якая знаходзіць водгук сярод розных канфесій і частак грамадства. У той час як праваслаўныя хрысціяне з’яўляюцца найвялікшай рэлігійнай супольнасцю ў Беларусі, вернікі іншых канфесій таксама пацярпелі. Падчас аднаго з пратэстаў праваахоўнікі заблакавалі дзверы гістарычнага будынку “Чырвонага касцёла” Рымска-каталіцкай царквы на Плошчы Незалежнасці, не дазволіўшы выйсці каля 100 пратэстоўцам і прыхаджанам. Руская праваслаўная царква абвясціла аб замене кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Паўла пасля таго, як ён выказаў сваю абгрунтаваную пастарскую занепакоенасць пакутамі членаў сваёй паствы.
Аднак, пэўна, самым яркім прыкладам таго, як улады абмяжоўваюць правы рэлігійнага лідэра за падтрымку міру, ненасілля і дыялогу, стала забарона лідэру Каталіцкага касцёла ў Беларусі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ўехаць у краіну 31 жніўня пасля таго, як ён здзейсніў кароткае падарожжа да святыні Чорнай Мадонны ў польскай Чэнстахове. Арцыбіскуп нарадзіўся і вырас у Беларусі, з’яўляецца беларускім грамадзянінам. Відавочна парушаючы беларускую Канстытуцыю, улады Беларусі не дазволілі арцыбіскупу вярнуцца ў сваю краіну.
Беларускія чыноўнікі на мяжы не далі арцыбіскупу тлумачэння таго, чаму яму не дазваляюць вярнуцца, але многія лічаць, што яму было адмоўлена ва ўездзе, бо ён адкрыта выказваўся пра ўжыванне рэжымам гвалту супраць пратэстоўцаў і заклікаў да дыялогу. 19 жніўня ён маліўся каля сценаў турмы, дзе паводле паведамленняў катавалі затрыманых пратэстоўцаў і куды рэжым забараніў яму ўвайсці, калі ён спрабаваў выканаць запаведзь Езуса і наведаць зняволеных.
Беларускія ўлады сцвярджаюць, што яны дагэтуль “правяраюць” грамадзянства арцыбіскупа. Тым часам яны прызналі ягоны пашпарт несапраўдным. У выніку, арцыбіскуп не можа ўехаць у Беларусь для ўдзелу ў царкоўных набажэнствах, аказання духоўнай апекі ці для кіраўніцтва Каталіцкім касцёлам. Сітуацыю абцяжарыла адмена традыцыйнай трансляцыі нядзельнай службы на хвалях найбуйнейшага нацыянальнага радыёканала Беларусі.
Выгнанне арцыбіскупа Кандрусевіча з’яўляецца несправядлівым пакараннем для яго і Каталіцкага касцёла ў Беларусі. З гэтым згодны ўвесь свет. Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс выступіў з заявай, да якой далучыўся шэраг краін, у тым ліку ЗША, з асуджэннем забароны на ўезд арцыбіскупа ў Беларусь. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа і іншыя сусветныя лідэры асудзілі ганебнае стаўленне рэжыма да арцыбіскупа Кандрусевіча і да ўсіх рыма-католікаў у Беларусі. Амбасадар ЗША па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды Сэмюэл Браўнбэк таксама дадаў свой голас і заклікаў улады дазволіць арцыбіскупу вярнуцца дадому.
Трагічна, што да цяперашняга крызісу існавалі прыкметы таго, што беларускі ўрад зацікаўлены ў руху ў правільным накірунку ў сферы рэлігійнай свабоды. Беларускія ўлады павінны вярнуцца на гэты шлях. Павага да правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы рэлігійную свабоду, вядзе да большай стабільнасці і росквіту ў доўгатэрміновай перспектыве. Мы спадзяемся, што Аляксандр Лукашэнка хутка гэта зразумее.
Арцыбіскупу Кандрусевічу павінна быць дазволена вярнуцца ў Беларусь, бо гэта правільна – паважаць беларускае грамадзянства арцыбіскупа і падтрымліваць рэлігійную свабоду ўсіх беларускіх рыма-католікаў.
Мы ад усяго сэрца далучаемся да кіраўнікоў урадаў і лідэраў розных канфесій і заклікаем улады Беларусі дазволіць арцыбіскупу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь. Дазвольце яму вярнуцца дадому!