Апошняе слова Вольгі Залатар у судзе

Read in English Читать на русском

Вольга Залатар, шматдзетная маці і палітвязень, выступіла з апошнім словам у судзе. Пракурор запатрабаваў для яе 5 гадоў зняволення ў калоніі. Вольгу абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання ў форме Тэлеграм-чата.

Я тут, бо я неабыякавы чалавек.
Я тут, бо жыву па Божых запаветах.
Я тут, бо я мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей.

Як мама і як каталічка я стаю на варце чалавечай годнасці, духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваны любоўю да людзей і нянавісцю да хлусні і гвалту.

Мы ўсе — дзеці Божыя. Кожны з нас мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да Ўладарства Божага, дзе пануе любоў. Ва Ўладарстве Божым няма месца для нянавісці, хлусні, зайздрасці, помсты і страху.

Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне.

У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнсы, якіх я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі, пачуцці крыміналізаваныя.

У матэрыялах справы ёсць фота з плакатам, на якім напісана «Мір, любоў, свабода». Я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міру для сваёй роднай краіны. Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбару.

Архіепіскап Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан Бог стварыў нас і сказаў: «Ідзіце, дзеці мае. Зараз вы вольныя». І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам заганяць нас у рай».

У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння».*

Я хачу закончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог. Жыве вечна.

* Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння. (2 Пт 3:9)