Аналітыка, каментарыіПа-беларуску

Да 35-й гадавіны адкрыцьця Курапатаў

Валерыя Чарнаморцава
Валерыя Чарнаморцава

Праваслаўная верніца, арганізатарка культурніцкіх вандровак, даследчыца вуснай гісторыі савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі, удзельніца групы "Хрысціянская візія".

Іншыя нататкі

Напярэдадні 3 чэрвеня, 35-й гадавіны адкрыцьця Курапатаў там ізноў ідзе Крыжалом. Працаўнікі, верагодна, лясгасу Менскага раёну, якому належыць знакамітае урочышча, высякаюць дрэвы, што падаюць на крыжы, а лясгасаўцы спакойна сядзяць на зьнесеных крыжах падчас перапынкаў у працы. Таксама ў Курапатах заўважаныя шматлікія акты вандалізму. Пра гэта паведамляе ў сваім фэйсбуку прадстаўнік беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега.

Урочышча Курапаты на паўночна-усходнім ускрайку Менску — знакавае месца для Беларусі, якое зьяўляецца сымбалем сталінскіх рэпрэсіяў для сусьветнай супольнасьці. Менавіта ў Курапатах у чэрвені 1988 года яшчэ пракуратурай БССР была адкрытая першая ў Савецкім Саюзе крымінальная справа па факце масавых расстрэлаў НКВД напрыканцы 1930-х гадоў. Менавіта паводле матэрыялаў гэтай справы ў Курапатах НКВД расстраляла найменш 30-32 тысячаў чалавек. Незалежныя дасьледчыкі называюць лічбу да 100 тысяч, а першаадкрывальнік гэтага месца, вядомы палітык Зянон Пазьняк у свой час назваў лічбу да 250 тысячаў. Менавіта ён прапанаваў і канцэпцыю мемарыялізацыі гэтага журботнага месца — Народны мемарыял Лес крыжоў.

Адкрыцьцё гэтага ўрочышча пасьля публікацыі ў газеце ЛІМ 3 чэрвеня 1988 года артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» мела эфект выбуха ў тагачасным беларускім грамадзтве, бо паўстагодзьдзі да гэтага тэма масавых сталінскіх рэпрэсіяў была пад забаронай. Тады ў Курапатах пачаліся першыя мітынгі. Шмат хто ставіў тут крыжы і помнікі сваім рэпрэсаваным сваякам, расстраляным і бязь зьвестак загінулым у ГУЛАГу, а затым шэсьце сюды на Дзядзы стала шматгадовай традыцыяй.

Але нашчадкам сталіністаў і НКВД, якімі лічаць сябе сённяшнія беларускія ўлады, якія фактычна аднаўляюць палітыку масавых рэпрэсіяў савецкага часу, гэтае месца муляла ўвесь час. Крымінальную справу па факце масавых расстрэлаў адкрывалі яшчэ некалькі разоў «па просьбах ветэранскіх арганізацыў», спрабуючы даказаць, што там расстрэльвалі людзей не энкавэдысты, а нацысты, але высновы археолагаў і адмыслоўцаў былі адназначнымі. Тым не менш, кнігі «незалежных дасьледчыкаў», якія прытрымліваюцца нацысцкай версіі, працягваюць выходзіць да гэтага часу.

У 2000 годзе падчас пашырэньня Менскай кальцавой дарогі Курапаты спрабавалі зьнішчыць і тады паўстала знакамітая паўгадавая варта. У 2018-м годзе на адной з ускраінаў гэтага журботнага месца, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці адчынілі забаўляльны комплекс «Паедзем-Паядзім». А напярэдадні Вялікадня 2019 года пачаўся вядомы курапацкі Крыжалом, калі па загадзе беларускага дыктатара было зьнесена шмат вялікіх крыжоў з боку гэтай рэстарацыі.

Увесь час кіраваньня Лукашэнкі тут адбываецца духоўнае змаганьне паміж праўдай і маной, сьвятлом і цемрай. Але, на маю думку, гэтае месца мае асаблівую Божую абарону, бо магло быць зьнішчанае безьліч разоў. Дарэчы паводле шматлікіх успамінаў сьведкаў зносаў цэркваў і крыжоў у савецкі час, тыя, хто іх знасіў, доўга не жылі і мелі незайздросны лёс. І як напрыканцы 1980-х з Курапатаў пачалося вызваленьне беларускага грамадзтва, дык зараз тут яно і скончыцца, сякера пры корані дрэва ўжо ляжыць (Мт 3:10).