Святлана Алексіевіч дала інтэрв’ю ватыканскаму часопісу
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры дала інтэрв’ю Donne Chiesa Mondo — жаночаму часопісу пры ватыканскай газеце L’Osservatore Romano.
У размове закранаецца грамадская роля рэлігіі. Пісьменніца адзначае, што ёй «не спадабалася» асвячэнне зброі праваслаўнымі святарамі ў Маскве, бо «царква не можа бласлаўляць гвалт», і з павагай згадвае каталіцкіх святароў, якія давалі прытулак пратэстоўцам падчас беларускай рэвалюцыі 2020 года.
Таксама Алексіевіч прыгадвае, як пасля Чарнобыльскай катастрофы «храмы напаўняліся людзьмі ў адчаі, якія шукалі адказы», і сцвярджае: «Думаю, нам трэба вярнуцца да гэтых рэлігійных каштоўнасцяў, да веры ў будучыню».
На думку Алексіевіч, «галоўная місія кожнага мастака і святара — каштоўнасць чалавечага жыцця». Нобелеўская лаўрэатка марыць, каб гэтую місію зноў адкрыла для сябе расійская культура, якую яна працягвае лічыць сваім «домам» адначасова з Беларуссю і Украінай.
«Больш не мае сэнсу адчуваць сябе толькі расіянінам ці толькі беларусам, бо мы ўсе ахвяры яшчэ большай несправядлівасці — той, што чалавек чыніць супраць жыцця», — падсумоўвае Алексіевіч.
Арыгінал інтэрв’ю тут, на беларускую мову пераклала «Наша Ніва».