Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Што не так з артыкулам «Як БПЦ замест Бога служыць Лукашэнку»

Што не так з артыкулам «Як БПЦ замест Бога служыць Лукашэнку»

Placeholder
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

Сёньня на «Радыё Свабода» выйшла аўтарская нататка Насты Захарэвіч пад назвай «Як БПЦ замест Бога служыць Лукашэнку». Нагодаю для яе напісаньня зрабіліся словы пратаярэя Фёдара Поўнага ў інтэрв’ю прапагандысту Маркаву пра тое, што задача Царквы ў школах — «ачалавечваць, а не прапаведваць». Аўтарка разгорнута крытыкуе цяперашнюю пазіцыю БПЦ, а напрыканцы робіць выснову, што «перад звычайнымі дзецьмі ў звычайных школах сьвятарам трэба доўга і са сьлязьмі выбачацца.»

Група «Хрысьціянская візія» сыходзіць з таго, што Царква — гэта не «рэч у сабе», а арганічная частка грамадства, і што яе можна і варта абмяркоўваць і крытыкаваць у публічнай прасторы. Разам з тым у рэлігійнай сферы вельмі лёгка распаўсюджваюцца маніпуляцыі, таму пры абмеркаваньні падобных пытаньняў асаблівым чынам патрэбнае крытычнае мысьленьне. Мы вітаем тэкст Насты Захарэвіч, але ня можам згадзіцца з некаторымі яго высновамі.

Перш за ўсё, неабходна адзначыць лагічную памылку, на якой пабудаваныя разважаньні аўтаркі: «І вось цяпер новы крок — у школы прыйдуць сьвятары, і яны там будуць, як кажа протаярэй Фёдар Поўны, не прапаведаваць, а ачалавечваць». Фёдар Поўны — гэта не звычайны прадстаўнік БПЦ, а даўно вядомая адыёзная фігура, так званы «духаўнік Лукашэнкі». Выказвае свае ідэі ён не звычайнаму журналісту, а таму самаму Маркаву, што браў «інтэрв’ю» ў закладніка Рамана Пратасевіча, якое стала вядомае па ўсім сьвеце як прыклад тэрарыстычнай прыроды беларускага рэжыму. Калі беларускае грамадства не паверыла ніводнаму слову Пратасевіча на тэлебачаньні, то навошта прымаць словы Поўнага як адлюстраваньне пэўнай рэчаіснасьці? У дадзеным выпадку мы маем справу не з журналістыкай, а з прапагандай, не з інфармацыяй, а з дэзынфармацыяй.

Такім чынам, перш чым аналізаваць перспектывы прыходу праваслаўных сьвятароў у беларускія школы, варта было б задацца пытаньнем, як і навошта ўвогуле Фёдар Поўны закранае гэтую тэму. «Хрысьціянская візія» ўжо пісала пра ідэю замяніць настаўнікаў бацюшкамі — на дадзены момант мы ня лічым яе далёкаю ад ідэі замяніць Клайпеду на Усьць-Лугу для транзіту калію. У абодвух выпадках усё вельмі эфектнае на словах, але вельмі малаверагоднае на практыцы. Поўны апісвае школьныя заняткі з удзелам сьвятароў менавіта як рамантычную мару, без канкрэтыкі: «интересные беседы о смысле жизни и служении людям, о дружбе и чести, любви и влюбленности, здоровом образе жизни и чистоте сердца». Ці варта непакоіцца пра ідэалагічную апрацоўку вучняў? Менавіта гэта і ёсьць мэта маніпуляцыі! Блізкі да ўладаў сьвятар стварае ў размове з прапагандыстам альтэрнатыўную рэальнасьць, дзе сотні манахаў толькі і чакаюць, каб навучыць першакласьнікаў любіць АМАП і Натальлю Качанаву. Гэтая карціна сьвету магла б застацца на АНТ і Белце, але, як бачым, яе ахвотна распаўсюджваюць незалежныя медыя.

Робячы выснову, што «Сьвятары ператварыліся ў служак Лукашэнкі», Наста Захарэвіч пераносіць публічны вобраз Фёдара Поўнага (які, дарэчы, у служку Лукашэнкі не ператвараўся, а быў ім заўсёды) на ўсіх сьвятароў і ўсю БПЦ. Ці можна з дзеяньняў дырэкцыі «Гродна-Азоту» або кіраўніцтва НАК, якія рэпрэсуюць сваіх падначаленых, зрабіць выснову, што «працоўныя і спартсмены ператварыліся ў служак Лукашэнкі»? Так, аўтарка таксама адзначае, што сьвятары робяцца ахвяраю перасьледу, як і сьвецкія людзі, але ўсё роўна сьцьвярджае, што «Царква нічога не зрабіла для таго, каб гвалту ў Беларусі стала меней». Аднак калі праўдзівы інсайд «Ніка і Майка» пра сьпіс з сотні «падазроных» сьвятароў, перададзены ў КДБ, то гэта значыць, што ў ім кожны дваццаты клірык БПЦ, бо ўсяго іх ня болей за 2000. І тут гаворка ідзе толькі пра тых, хто выказваў сваю пазіцыю актыўна.

Яшчэ раз заклікаем ставіцца да прапаганды крытычна. Дэманізацыя розных групаў у беларускім грамадстве і ўзаемная варожасьць — яе мэта. Наша ж мэта — ўзаемнае паразуменьне ў Вольнай Беларусі.


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава