Пасляслоўе Працоўнай групы «Хрысціянская візія» Кардынацыйнай рады Беларусі
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Фотаздымкі з Беларусі, на якіх можна пабачыць жанчын і мужчын розных прафесій, рознага ўзросту, з вялікіх гарадоў і мястэчак, на вуліцах і ў дварах, разыйшліся на цэлы свет. Насуперак страху ад празмернага гвалту з боку міліцыі, беларусы зноў і зноў мужна выходзяць на вуліцы, каб адстойваць свае асноўныя правы і выказвацца супраць самавольства рэжыму, супраць прыгнёту, несправядлівасці і гвалту. Пратэсты ідуць ужо чатыры месяцы, а галасы беларусаў не сталі цішэй.
Галасы беларусаў – гэта галасы тых, хто жадае і прагне справядлівасці (Мц. 5, 6). У беларускай мове паняцце «справядлівасці» часта пазначаецца словам «праўда», якое азначае як «справядлівасць», так і «ісціну». У мірных акцыях пратэсту справядлівасць і праўда непадзельныя. Паводле словаў праваслаўнага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія (Кішчанкі): «Нельга гуляцца з праўдай, знявечваючы і шастаючы яе дзеля палітычнай мэтазгоднасці».
З-за таго, што дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі займаюцца цынічнай прапагандай, беларусам не застаецца нічога іншага, як самастойна шукаць доступу да інфармацыі. Беларусы адначасова сталі сведкамі і рэпарцёрамі. Адно з супольных дзеянняў людзей – гэта якраз абмен інфармацыяй. Фотаздымкі і відэазапісы, паведамленні і каментары распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі і тэлеграм-каналы. Беларусы працягваюць прагнуць праўды, нават калі рэжым блакуе падключэнне да Інтэрнэту, масава абмяжоўвае працу журналістаў і карае людзей за атрыманне і перадачу інфармацыі. «Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам», – так заявіў і каталіцкі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч, адзін з многіх, каго рэжым пераследуе за голас праўды.
Яшчэ да пачатку пратэстаў беларусы дзейнічалі салідарна, зразумеўшы, што ў час пандэміі каронавіруса кожны залежыць ад сябе самога і ўсе залежаць адзін ад аднаго і не могуць спадзявацца на дзеянні дзяржавы, якія выявіліся зусім неадэкватнымі. Падчас пратэстаў многія беларусы страцілі працу або былі арыштаваныя, з іх жорстка здзекваліся і іх катавалі, і па сёння нямала тых, хто неабгрунтавана застаецца за кратамі. Шмат хто змушаны быў выехаць з краіны, не ведаючы, што будзе далей. Рэжым не цураецца нічога. Дзеля захавання ўлады, рэжым не спыняецца ні перад якім коштам, нават коштам чалавечага жыцця — жыцця Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Канстанціна Шышмакова, Генадзя Шутава, Мікіты Краўцова, Рамана Бандарэнкі.
Мірныя пратэсты ў Беларусі паказваюць, што людзі болей не могуць заплюшчваць сваіх вачэй на несправядлівасць. Яны не могуць проста прайсці міма, калі людзей арыштоўваюць, катуюць, збіваюць ці нават забіваюць только таму, што яны праяўляюць сваю маральную мужнасць і адстойваюць свае базавыя правы. У беларускай дыяспары ў Германіі таксама праходзяць розныя акцыі і дэманстрацыі салідарнасці з беларускім народам.
Тое, што цягам некалькіх месяцаў адбываецца на адлегласці ў 800 км на ўсход ад Берлінскага сабора, ілюструе аповед пра добрага самараніна з Дабравесця паводле Лукі (10, 25-37). Беларусы перажываюць тое, што здарылася з чалавекам па дарозе з Ерусаліма ў Ерыхон, калі ён папаўся рабаўнікам: “Яны распранулі яго і білі, і уцяклі, пакінуўшы напаўжывым”. Беларусы – і абрабаваныя, і параненыя, і забітыя, і збітыя да смерці. Але таксама яны падобныя і на тых, хто ідзе па дарозе і, усвядоміўшы сваю адказнасць за чалавека ў патрэбе, дзейнічаюць, нават калі самі ад гэтага пацерпяць. У цяперашні час беларусы – і той, хто мае патрэбу ў дапамозе, і той, кто дапамагае.
Мы ўсе сабраліся на сённяшняе набажэнства, бо ўсіх нас так ці інакш закранаюць падзеі ў Беларусі. У некаторых з прысутных – раны, нанесеныя рэжымам. Хтосьці пацярпеў, бо не мог і далей не можа заставацца абыякавым да таго, што адбываецца. На гэтым набажэнстве мы хочам усе разам і кожны па-свойму выступіць за мір, свабоду і справядлівасць.
Наталля Васілевіч, Яўгенія Даніловіч, Ганна Нётцел