Нават пра Вялікі пост у католікаў не ўзгадалі. У дзяржаўнай прэсе Беларусі даюць слова толькі БПЦ
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
Дзяржаўная прапаганда падкрэслівае нібыта роўнасць веравызнанняў і канфесій у Беларусі – у той жа час, па назіраннях «Хрысціянскай візіі», непараўнальна большую перавагу ў дзяржаўнай прэсе аддаюць Праваслаўнай царкве. Лаяльныя да рэжыму святары БПЦ нашмат часцей, чым прадстаўнікі іншых канфесій, выступаюць па тэлебачанні і ў друкаваных выданнях. Дзяржмедыі прадастаўляюць пляцоўку для выступу праваслаўным святарам, а голаса Каталіцкай царквы, пратэстанцкіх супольнасцяў, мусульман і юдэяў практычна не гучыць.
Пачатак Вялікага посту ў католікаў, у Папяльцовую сераду 22 лютага быў добрай інфармацыйнай нагодай для таго, каб даць слова каталіцкім святарам, якія б нагадалі пра сэнс гэтага вельмі важнага літургічнага перыяду. Аднак гэтага не адбылося. Больш за тое, у выпусках навін на дзяржаўным тэлебачанні пра пачатак Вялікага посту ў католікаў нават не ўзгадалі. Затое перад гэтым шырока асвятлялі пачатак Масленічнага тыдня, які папярэднічае Вялікаму посту ў праваслаўных. Напрыклад, на тэлеканале ОНТ з гэтай нагоды далі слова протаіерэю Сяргею Пашкевічу.
Таксама пра Масленічны тыдзень з удзелам праваслаўнага святара распавядаў тэлеканал СТБ – як раз 22 лютага. У той час як пра Вялікі пост у католікаў – ні слова.
Выступ Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з нагоды Папяльцовай серады быў паказаны толькі на канале «Беларусь 1», і тое не ў рэйтынгавы час, а ў выпусках навін пра падзею не ўзгадалі. Дарэчы, гэты касцёльны іерарх, які заняў пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага акурат у час палітычнага крызісу, як больш лаяльны да ўладаў за свайго папярэдніка біскуп, – адзіны, каму час ад часу дазваляюць выступаць у дзяржпрэсе.
Каб адсачыць тэндэнцыю ў лічбах і фактах мы ўзялі за прыклад публікацыі галоўнай дзяржаўнай газеты «СБ. Беларусь сегодня». І высветлілі: толькі з пачатку лютага святары БПЦ, у тым ліку Мітрапаліт Веніямін, сталі героямі мінімум пяці матэрыялаў. У той час як каталіцкім святарам ці пратэстанцкім пастарам слова не давалі ўвогуле. Ксяндзоў толькі ўзгадвалі аднойчы за месяц – прычым, з негатыўнай афарбоўкай: праўладны спікер Ігар Марзалюк каментаваў «дэструктыўную дзейнасць ксяндзоў як у 2020 годзе, так і сёння». Дагэтуль, у снежні, прапагандыст Андрэй Мукавозчык зневажаў пробашча закрытага Чырвонага касцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка.
Выданне нават не паведаміла пра пачатак Вялікага посту ў католікаў. Адзіны пазітыўны момант – штомесяц «СБ» перадрукоўвае калонкі мінскага ксяндза Кірыла Бардонава пра асновы веры з «Народнай газеты».
Выступаў прадстаўнікоў пратэстанцкіх канфесій, мусульман і юдэяў за мінулыя месяцы мы ўвогуле не заўважылі. Муфцію Абу-Бекір Шабановічу і равіну Рыгору Абрамовічу апошні раз давалі слова ў лістападзе 2022 года на развітанні з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем – у рамках пазітыўных выказванняў пра памерлага.
Можна зрабіць выснову, што такая тэндэнцыя звязаная з адкрытым супрацоўніцтвам кіраўніцтва БПЦ з беларускім рэжымам, а таксама выкарыстоўвання прапагандай голасу праваслаўных святароў з мэтай маніпуляцый.
Адзначым, што ў найбуйнейшых недзяржаўных медыя духоўныя асобы – як праваслаўныя, так і католікі, а таксама прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў – аднолькава рэдка з’яўляюцца героямі публікацый. У асноўным яны толькі ўзгадваюцца пры інфармацыйнай нагодзе – у прыватнасці, гэта такія асобы як Мітрапаліт Веніямін, ксендз Уладзіслаў Завальнюк, альбо калі становяцца ахвярамі пераследу — напрыклад, праваслаўныя святары Уладзіслаў Багамольнікаў і Дзяніс Карасцялёў. Нядаўна недзяржаўныя медыі цытавалі ксяндза Вячаслава Барка – з нагоды развітання ў Варшаве з беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым.
Таксама сярод нагодаў – закрыццё Чырвонага касцёла, увод арэнднай платы для парафіі бабруйскага касцёла, скандал са спальваннем абраза падлеткамі ў Мінску.
Аднак варта ўлічваць, што асобы, якія знаходзяцца ў Беларусі, таксама і святары, не могуць даваць каментары недзяржаўным медыя, большасць з якіх прызнаныя «экстрэмісцкімі», з прычыны пераследу.
У той жа час досыць часта недзяржайная прэса спасылаецца на публікаціі «Хрысціянскай візіі» – у асноўным, пра факты рэпрэсій святароў, якія ў той ці іншай ступені падтрымліваюць дэмакратычны рух Беларусі, а таксама пра выпадкі ўдзелу рэлігійных дзеячаў і арганізацый у прапагандзе – з нядаўніх матэрыялаў гэта былі выказванні архіепіскапа Навагрудскага Гурыя (Апалька), святароў і манахінь Свята-Елісавецінскага манастыра ў падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.