Місія групы “Хрысціянская візія” у сучасным палітычным крызісе ў Беларусі

Читать на русском Read in English

Агульны сацыяльны і палітычны кантэкст

Беларускае грамадства пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года знаходзіцца ў стане сістэмнага палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага крызісу. Агульнанацыянальны дэмакратычны рух, які пачаў фармавацца вясной 2020 года, напярэдадні выбараў, нягледзячы на беспрэцэдэнтную ўцягнутасць насельніцтва ўсёй Беларусі ў мірныя акцыі пратэсту, мае ў краіне вельмі слабую інстытуцыйную базу. З прычыны рэпрэсій многія лідэры дэмакратычнага руху былі зняволеныя або вымушаныя эміграваць, і з цягам часу колькасць рэпрэсаваных расце. На дадзены момант у Беларусі больш за тысячу палітвязняў. Шмат хто знаходзіцца пад пагрозай крымінальнага пераследу, ператрусу, канфіскацыі мабільных тэлефонаў і камп’ютэраў, а таксама адвольнага адміністрацыйнага арышту ці звальнення. Многія актывісты, а таксама грамадзяне, у адносінах да якіх ёсць падазрэнні, што яны могуць падтрымліваць дэмакратычны рух, падвяргаюцца прыніжэнням, абразам з боку дзяржаўных СМІ, прымушаюцца агаворваць сябе на камеру.

Рэгістрацыя шматлікіх няўрадавых арганізацый была адкліканая, ідзе ціск на незарэгістраваныя і пазбаўленыя рэгістрацыі партыі і арганізацыі. Многія незалежныя СМІ закрытыя або прызнаныя экстрэмісцкімі. Прастора для легальнага і адкрытага функцыянавання дэмакратычнага руху імкліва звужаецца. Панаванне беззаконня адкрывае дзяржаве магчымасць адвольна пераследваць любога чалавека, без рэальных юрыдычных падстаў; людзям адмаўляюць у юрыдычнай дапамозе, многія пераследуемыя знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаванні і нават не маюць права паведамляць, па якім артыкуле супраць іх узбуджаная крымінальная справа; звычайнай практыкай сталі тэрміновыя працэсы па скайпе ў выпадку адміністрацыйна арыштаваных і закрытыя суды над крымінальна пераследуемымі, ананімныя сведкі з міліцыі, пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзій у працэсе. Цэрквы, рэлігійныя абшчыны, рэлігійныя лідэры, служыцелі і актывісты таксама знаходзяцца пад пагрозай. Многія няўрадавыя арганізацыі, цэрквы і прыватныя асобы выдаляюць матэрыялы, звязаныя з дэмакратычным рухам, са сваіх вэб-сайтаў і з сацыяльных сетак, каб пазбегнуць пераследу і абараніць сябе і іншых. Тыя, хто, знаходзячыся ў Беларусі, удзельнічаюць у дэмакратычным руху, павінны рабіць гэта таемна і ананімна; таму ўзрастае грамадская роля людзей у выгнанні.

Чаму цэрквы не могуць выступаць у якасці платформы для дыялогу і быць агентамі дэмакратызацыі

Агульная стрыжневая праблема ў тым, што аўтарытарны рэжым пазбягае дыялогу з дэмакратычным грамадствам па пытанні дэмакратычнага транзіту і выкарыстоўвае рэпрэсіі для падаўлення дэмакратычнага руху. Спецыфічная праблема, звязаная з рэлігійнай сферай, заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, царкоўнае кіраўніцтва захоўвае актыўную ці, прынамсі, пасіўную лаяльнасць у адносінах да аўтарытарнага рэжыму. Гэта можна патлумачыць трыма фактарамі: па-першае, іх уласнымі сапраўднымі недэмакратычнымі палітычнымі перакананнямі; па-другое, у выніку ціску, запалохванняў і страху перад рэпрэсіямі, якія прымушаюць іх прытрымлівацца ці як мінімум не выступаць супраць ідэалагем рэжыму; нарэшце, уздзеяннем маніпуляцый і інструменталізацыі з боку рэжыму, напрыклад, калі рэжым пазіцыянуе сябе як абаронцу традыцыйнай сям’і ці кананічнай тэрыторыі праваслаўнай царквы, а яго супернікі выстаўляюцца ў якасці прыхільнікаў гендэрнай ідэалогіі ці аўтакефаліі.

Вынікам гэтага з’яўляецца параджэнне царкоўнымі дзеячамі і іх акружэннем спецыфічнага тэапалітычнага дыскурсу, які ўключае наступныя ідэі:

1) Неабходнасць для царквы пазбягаць усялякага ўцягвання ў палітыку і арыентавацца толькі на індывідуальную духоўнасць;

2) Прыярытэт міру над справядлівасцю, што робіць яго “мирам без справядлівасці”;

3) Прыярытэт стабільнасці над дэмакратыяй; паслухмянасць вышэй за свабоду;

4) Штучнае супрацьпастаўленне каштоўнасцей сям’і і асабістай свабоды, у якім аддаецца прыярытэт “традыцыйным сямейным каштоўнасцям”.

5) Абсалютызацыя прынцыпу іерархіі, якая прадугледжвае строгае вертыкальнае падпарадкаванне царкоўнаму кіраўніцтву без дыялогу і зваротнай сувязі з царкоўнай супольнасцю і тэалагічнай навукай.

Нават калі ў царкоўнага кіраўніцтва ёсць намер і матывацыя дзейнічаць больш узважана ці рэагаваць на пэўныя сітуацыі, яму не хапае якаснага экспертнага погляду для разумення маніпуляцый ці для хуткай і добра падрыхтаванай рэакцыі ў канкрэтных выпадках.

З іншага боку — практыкуючыя вернікі, якія арыентаваны дэмакратычна і шануюць правы чалавека і справядлівасць, адчуваюць падвойны ціск — як з боку дзяржавы, так і царкоўнага кіраўніцтва. Яны дрэнна арганізаваны і не ўзаемазвязаны, каб дзейнічаць калектыўна; не заўсёды валодаюць багаслоўскімі ведамі, а таксама палітычным і сацыяльным вопытам і не ў стане запоўніць лакуну, якая ўтварылася за кошт пасіўнасці або дэструктыўных дзеянняў іерархіі, каб прапанаваць больш аўтэнтычны, якасны, варты даверу і прывабны шлях.

У той жа час дэмакратычнаму руху не ўдаецца данесці свой мэсэдж да вернікаў зразумелым і асэнсаваным чынам. Гэта робіць водгук і ўклад цэркваў у працэс дэмакратызацыі слабым у публічнай сферы і вядзе да зніжэння даверу да іх сярод вернікаў і да маргіналізацыі ў дэмакратычным грамадстве. Больш за тое, дэмакратычны рух у цэлым не дасведчаны ў становішчы цэркваў (іх пазіцыі, магчымасцях, а таксама абмежаваннях) і таму, з аднаго боку, не разумее іх здольнасці ўнесці значны ўклад у працэс дэмакратызацыі, а з другога — мае нерэалістычныя і завышаныя чаканні.

Як вырашыць гэтую праблему: місія “Хрысціянскай візіі”

Існуе некалькі кірункаў працы, якія неабходна задзейнічаць для пераадолення гэтай праблемы, каб хрысціяне і цэрквы маглі быць прарочым голасам у грамадстве і рабіць свой унёсак у дэмакратычны працэс, аднаўленне вяршэнства права, справядлівасці і сапраўднага міру, а таксама спрыяць нацыянальнаму дыялогу і ўзаемаразуменню.

Па-першае, трэба ўмацоўваць патэнцыял цэркваў як моцных удзельнікаў грамадзянскай супольнасці, незалежных ад дзяржавы; спрыяць росту дэмакратычных перакананняў вернікаў; спрыяць большаму ўдзелу парафіян, у тым ліку жанчын, у фармаванні публічнага дыскурсу цэркваў і дзейнасці ў грамадскай сферы.

Па-другое, трэба “перакладаць” дэмакратычныя ідэі і ўяўленні аб правах чалавека, справядлівасці, міры і г.д. у багаслоўскі і царкоўны дыскурс праз тлумачэнне свяшчэннага тэксту (Свяшчэннага Пісання, твораў святых айцоў, агіяграфіі, літургічнай паэзіі), адстойваць хрысціянскую сутнасць гэтых ідэй і распаўсюджваць гэтыя ідэі сярод царкоўных абшчын, развіваць арыентаваны на дэмакратыю і правы чалавека сацыяльна чулы багаслоўскі дыскурс. Гэта дапаможа тым хрысціянам, якія падзяляюць гэтыя перакананні на інтуітыўным узроўні, аргументавана іх адстойваць і распаўсюджваць у сваіх супольнасцях і сярод сваіх знаёмых. Гэта таксама паслужыць падставай для пераканання тых хрысціян, якія супраціўляюцца гэтым ідэям з-за засвоеных раней рэлігійных установак або з прычыны невуцтва, усвядоміць хрысціянскае паходжанне ідэй дэмакратыі і правоў чалавека і прыняць гэтыя ідэі як хрысціянскія і неад’емныя ад веры ў Хрыста. Нарэшце, гэта натхніць вернікаў дзейнічаць у публічнай сферы ў абарону чалавечай годнасці і справядлівасці.

Па-чацвёртае, трэба садзейнічаць заўважнасці хрысціян і хрысціянскіх прадэмакратычных ідэй у дэмакратычным руху і грамадстве ў цэлым; распаўсюджваць хрысціянскія ідэі і свабоду рэлігіі ці перакананняў.

Па-пятае, неабходна данесці да царкоўнага кіраўніцтва, якое падтрымлівае рэжым, што ў іх цэрквах ёсць значная група людзей з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і добра абгрунтаванай тэалагічнай пазіцыяй, якую нельга ігнараваць. Варта праводзіць экспертызы маніпуляцый з боку рэжыму, з дапамогай якіх рэжым інструменталізуе цэрквы насуперак іх уласным каштоўнасцям і інтарэсам.

Па-шостае, трэба забяспечыць дэмакратычны рух экспертызай, неабходнай для паляпшэння сувязі з цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі, адначасова прапаноўваючы крытычны падыход да дзейнасці і ідэй дэмакратычнага руху ці персанальна дэмакратычных лідэраў, у выпадку іх адыходу ад хрысціянскіх каштоўнасцей і ідэй, ад хрысціянскага разумення чалавечай годнасці, справядлівасці, міру, дэмакратыі, інклюзіўнасці. Неабходна пашыраць хрысціянскае сацыяльнае вучэнне.

Па-сёмае, трэба аналізаваць сітуацыю і каментаваць дзеянні рэжыму, якія супярэчаць хрысціянскім каштоўнасцям, а таксама інтарэсам цэркваў; прапаноўваць стратэгіі, ацэньваць рызыкі.

Па-восьмае, неабходна ў выпадку пераследу сачыць за ўсімі інцыдэнтамі, дакументаваць іх, рабіць іх бачнымі і падтрымліваць ахвяр; садзейнічаць салідарнасці.

Мэтавая аўдыторыя групы “Хрысціянская візія”

Па-першае, мы пашыраем праграму групы “Хрысціянская візія” сярод хрысціян і цэркваў і павышаем зацікаўленасць і аўтарытэт сярод іх, а таксама далучаем больш удзельнікаў да групы, яе дзейнасці і дэмакратычнага руху ў цэлым.

Па-другое, мы падтрымліваем і выказваем салідарнасць тым актыўным парафіянам і клірыкам хрысціянскіх цэркваў, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху і сутыкаюцца з ганеннямі і рэпрэсіямі як у сваіх рэлігійных супольнасцях, так і з боку рэжыму.

Па-трэцяе, мы падвышаем заўважнасць хрысціян і іх дзейнасці ў наліне пропаведзі міру, справядлівасці і свабоды ў Беларусі сярод дзеячаў дэмакратычнага руху.

Па-чацвёртае, мы інфармуем царкоўных дзеячаў аб працэсах, якія адбываюцца ў іх абшчынах, пашыраючы падтрымку каштоўнасцяў ненасілля, павагі годнасці і неад’емных правоў чалавека, інклюзіўнага грамадскага дыялогу, дэмакратычных прынцыпаў кіравання ў грамадстве, дэмакратыі, справядлівасці і свабоды, абараняючы клірыкаў і царкоўных дзеячаў ад ціску і рэпрэсій за іх пазіцыю.

Па-пятае, мы інфармуем міжнародную хрысціянскую супольнасць аб сітуацыі ў Беларусі і патрабуем салідарнасці і палітычнага лабіравання (калі гэта дапушчальна).

Па-шостае, мы даем экспертызу розным інстытутам дэмакратычнага руху, такім як офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, і вылучаем багасловаў і кампетэнтных хрысціян для дзейнасці ў рамках працоўных груп і працэсаў гэтых інстытутаў, каб пашыраць наша бачанне і канцэпцыі канстытуцыйнага ладу, заканадаўства і спрыяць дыялогу паміж гэтымі ўстановамі і рэлігійнымі абшчынамі.

Па-сёмае, мы імкнемся аказваць духоўную дапамогу і падтрымку палітвязням і іх сем’ям.