«Малітва за дыктатараў не павінна прыкрываць зло»: водгук на малітву Грэма
Беларускі пратэстант у эміграцыі Мікіта Іваноў у Threads разважае наконт закліка Франкліна Грэма маліцца за Лукашэнку і Пуціна. На яго думку, сама малітва за злых кіраўнікоў магчымая і мае біблійнае абгрунтаванне. Але толькі тады, калі яна не ператвараецца ў «духоўнае прыкрыццё зла».
Ён падкрэслівае: маліцца за Лукашэнку і Пуціна — гэта не жадаць ім «моцнага здароўя, доўгай улады і мудрасці ў кіраванні». Такая малітва, паводле Іванова, павінна быць пра пакаянне, спыненне зла, абарону ахвяраў, Божы суд і пра тое, «каб праўда была названая праўдай».
Асабліва небяспечнай Іваноў называе неадназначнасць у краінах, дзе рэжымы ўмеюць выкарыстоўваць рэлігійную мову для сваёй легітымізацыі. «Біблійная малітва не адмяняе праўды. Наадварот, яна патрабуе праўды», — піша ён. І дадае: любоў да ворага не азначае маўчання пра ягоныя злачынствы і не ставіць ката і ахвяру на адзін узровень.







