«Такія пастары і ў Бухенвальдзе заклікалі б маліцца за адміністрацыю»
Публікацыя «Нашай Нівы» пра ўдзел Франкліна Грэма ў мінскім «Фестывалі Надзеі» выклікала рэзананс у каментарах: пад тэкстам хутка з’явілася больш за 100 допісаў. Чытачы выказваліся пра рознае, але мы хацелі б падкрэсліць некалькі галоўных тэм, якія праяўляліся найбольш выразна.
Першая і самая моцная тэма — маральнае абурэнне. Каментатары ўспрынялі такую малітву не як хрысціянскі жэст, а як публічнае апраўданне дыктатараў і вайны. Частка людзей перафармулявала саму ідэю малітвы: «Малюся за Пуціна і Лукашэнку: “Божа! Пакарай іх за грахі іхнія супраць чалавечнасці”». Іншыя пісалі яшчэ больш жорстка: «Такія “пастары” і ў Бухенвальдзе заклікалі б маліцца за адміністрацыю».
Другая тэма — расчараванне ў рэлігіі як такой. У каментарах шмат разоў гучыць думка, што рэлігія можа станавіцца інструментам улады: «рэлігія апраўдае любое злачынства ўлады», «секта, якая пакланяецца ўладзе». Асобна дасталося і пратэстантам: Грэма называюць чалавекам, які «прагнуўся перад дыктатарамі», а сам фестываль — «амерыканскім крынжам».
Трэцяя тэма — больш багаслоўская спрэчка: ці павінен хрысціянін маліцца за ўладу і ворагаў. Некаторыя нагадалі евангельскія словы: «Любите врагов ваших, благословляйте проклинающих вас…» Але ім адказваюць, што ў беларускім выпадку гаворка не пра абстрактную ўладу, а пра тых, хто «скралі ўладу і гвалтоўна захапілі тое, што ім не належыць». Таму, пішуць каментатары, калі і маліцца за такіх людзей, то толькі «каб яны зразумелі свае злачынствы і спынілі іх».







