Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Малітва за Беларусь: просьбавая екцення

Малітва за Беларусь: просьбавая екцення

Малітва за Беларусь: просьбавая екцення
Аўтар
Наталля Васілевіч

НаталляВасілевіч

Тэолагіня, паліталагіня, юрыстка, мадэратарка «Хрысціянскай візіі».

Просьбавая екцення з Малітвы за мір, свабоду і справядлівасць у Беларусі, якая адбылася 19 верасня 2020 года ў Свята-Успенскім праваслаўным саборы г. Кёльна.

Скажам усе ад усёй нашай душы і ад усяго сэрца нашага скажам:

Госпадзе, памілуй

Госпадзе, Усемагутны, Божая айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй!

Госпадзе, памілуй

Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, выслухай і памілуй!

Госпадзе, памілуй (x3)

Перш мы молімся за душы тых, хто гвалтоўна знік і загінуў за гады дыктатуры — за Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, няхай яны знойдуць супакой, няхай праўда пра іх смерць адкрыецца і памяць іх будзе ўшанаваная, ацалі, Госпадзе, раны на сэрцах іх родных, блізкіх, сяброў і кожнага, каму баліць.

Госпадзе, памілуй (x3)

Таксама молімся за тых, хто быў забіты ці загінуў у час пратэстаў і ў сувязі з імі — за Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Канстанціна Шышакова, Генадзя Шутава, Мікіту Краўцова, Таццяну Міцкевіч за іх сем’і, родных і блізкіх, а таксама за тое, каб больш ніводзін чалавек не страціў свайго жыцця, захавай, Госпадзе, і абарані.

Госпадзе, памілуй (x3)

Молімся за кожнага, хто прайшоў праз гвалт, пагрозы, збіццё, зняволенне, прыніжэнне і катаванні, хто быў паранены, пашкодзіў здароўе і страціў працу, хто знаходзіцца пад пагрозай пераследу, Госпадзе, ацалі іх, умацуй іх, дай ім сілы пераадолець страх, пашлі ім падтрымку і дапамогу.

Госпадзе, памілуй (x3)

Молімся за палітычных вязняў: Міхаіла Жамчужнага, Мікіту Емяльянава, Андрэя Новікава, Арцёма Сакава, Аляксандра Арановіча, Змітра Фурманава, Сяргея Ціханоўскага, Святлану Купрэеву, Уладзіміра Дударава, Віктара Бабарыку, Эдуарда Бабарыку, Улядзіміра Няронскага, Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча, Змітра Казлова, Дзмітрыя Караку, Сяргея Спарыша, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Папова, Сяргея Коршуна, Віталя Шклярава, Андрэя Пазняка, Антона Бяленскага, Лявона Халатрана, Ігара Ярмолава, Аляксандра Францкевіча, Акіхіру Гаеўскага-Ханада, Ігната Сідорчыка, Аляксандра Шабаліна, Юрыя Савіцкага, Арцёма Хвашчэўскага, Арцёма Саўчука, Юрыя Уласава, Таццяну Канеўскую, Данііла Богната, Рамана Багнаўца, Алега Рубца, Артура Халімончыка, Вячаслава Рагашчука, Ягора Пракапчука, Віталя Пракапчука, Віктара Панцялеева, Дзмітрыя Кубарава, Аляксандра Васілевіча, Лілію Уласаву, Юлію Шардыку, Віктара Куўшынава, Уладзіслава Міхалапа, Марыю Калеснікаву, Іллю Салея, Максіма Знака. Падтрымай іх Госпадзе ў зняволенні, захавай іх здаровымі і добрым духу, няхай у іх будуць сілы супрацьстаяць усім ілжывым наветам і ціску, няхай усе несправядлівыя падкопы разваляцца, падтрымай іх сем’і і адвакатаў, і няхай справядлівасць і законнасць будуць адноўленыя.

Госпадзе, памілуй (x3)

Молімся Госпадзе, за тых хто, знаходзіцца ў выгнанні — за Святлану Ціханоўскую, Вольгу Кавалькову, Івана Краўцова і Антона Раднянкова, і асабліва за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Госпадзе, памілуй (x3)

Твой подых, Госпадзе, гэта подых свабоды, Ты стаіш на баку прыгнечаных, а не прыгнятальнікаў, молімся Табе, вызвалі нас ад любога прыгнёту — прыгнёту граху, сацыяльнага, эканамічнага, культурнага, палітычнага прыгнёту і не дай нам ужываць сваю свабоду дзеля злога і дзеля заняволення іншага.

Госпадзе, памілуй (x3)

Твае суды, Госпадзе, справядлівыя, Ты любіш тых, хто чыніць справядлівасць, молімся Табе, дай нам сумленне і розум, каб адрозніць дабро ад зла, праўду ад няпраўды, умацуй нас у жаданні змагацца за справядлівасць, адвагу дабівацца справядлівасці, адстойваць праўду, узвышаць свой голас супраць несправядлівасці, бо несправядлівасць абражае Цябе.

Госпадзе, памілуй (x3)

Ты — князь міру, Госпадзе, і дабравесце Тваё — дабравесце міру. Сапраўдны мір — гэта вынік перамогі на зямлі ідэалаў свабоды, справядлівасці, праўды і любові, захавання годнасці чалавечай асобы як Твайго вобразу, а гэтая перамога — таксама плён чалавечага судзеяння Табе. Вядзі нас, Госпадзе, гэтым шляхам — кожнага па-асобку, нашы сем’і, рэлігійныя, прафесійныя, лакальныя супольнасці, нашых лідараў. увесь наш народ і ўсё чалавецтва.

Госпадзе, памілуй (x3)

Молімся Госпадзе за беларускія цэрквы, за духоўных лідараў, за епіскапаў і святароў, за кожнага верніка, за тое, каб у еднасці, салідарнасці і ахвярнасці, яны шукалі праўды Тваёй, выконвалі волю Тваю, працавалі дзеля надыходу Царства Твайго.

Госпадзе, памілуй (x3)

Прасвятую, Прачыстую, Найдобраславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і усё жыццё наша Хрысту Богу аддамо.

Табе, Госпадзе.

Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Амінь.

На фота крыж у васільках. 19 верасня 2020 года, Свята-Успенскі праваслаўны сабор г. Кёльна. Фотаздымак: Axana van der Ra


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава