Хрыстос нарадзіўся!
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
25 снежня католікі, пратэстанты, а таксама праваслаўныя вернікі з 10 Памесных Цэркваў святкуюць Нараджэнне Хрыстова.
Хрысціяне вераць, што Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам. Чалавек для Бога настолькі каштоўны, што Ён дзеля нашага вызвалення з палону граху Сам прыйшоў на зямлю як безабароннае Дзіцятка. На іконах, карцінах, паштоўках мы бачым, як ляжыць у яслях кволае Немаўля, Якому наканавана ў будучыні праліць за людзей Сваю Кроў і рушыць за чалавекам аж у пекла.
Бог паважае чалавечую годнасць. І калі мы называем сябе хрысціянамі — то мы павінны імкнуцца быць падобнымі да Бога, шануючы чалавека.
Нашы грамадзянскія перакананні — паслядоўны працяг нашай хрысціянскай ідэнтычнасці. Новая Беларусь у разуменні группы «Хрысціянская візія» — гэта прастора свабоды веравызнання і адначасова прастора, дзе па-хрысціянску паважаецца чалавек, яго правы на жыццё, бяспеку, развіццё, самарэалізацыю.
У гэты ўрачысты дзень мы молімся аб усіх, хто за сваю мару жыць у Новай Беларусі знаходзяцца за кратамі, а таксама за тых, хто быў вымушаны ўцякаць ад пераследу «у Егіпет» — за межы Радзімы.
Мы віншуем усіх хрысціян і іншых людзей добрай волі, для якіх сённяшні дзень — святочны, і разам са здароўем і сіламі жадаем веры, надзеі і любові.
«Дух Госпада Бога на мне, бо Гасподзь памазаў Мяне звеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленне і вязням — адкрыццё цямніцы, прапаведаваць год Гасподні спрыяльны», — кажа Збаўца (Іс. 61:1-2). Няхай надыходзячы 2022 год стане спрыяльным для спраў праўды!
З Нараджэннем Хрыстовым!