Аналітыка, каментарыіПа-беларускуПраваслаўная ЦаркваХРЫСЦІЯНСКАЯ ВІЗІЯ

Гадавіна са дня смерці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)

Читать на русском Read in English

[simple-author-box]

Мінуў год са спачыну першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), які 35 гадоў кіраваў Праваслаўнай Царквой у Беларусі, і многія ягоныя асабістыя перакананні перадвызначылі асаблівае прагрэсіўнае аблічча БПЦ на фоне Рускай Праваслаўнай Царквы ў цэлым.

Яго сыход быў важным сімвалічным этапам, які знаменаваў заканчэнне цэлай эпохі ў гісторыі нашай краіны. За месяц да таго не стала першага прэм’ера незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча, пасля быў адпраўлены ў адстаўку Тадэвуш Кандрусевіч, які пачынаў адраджэнне каталіцкіх структур у 1989 — 1991 гадах, а затым 12 студзеня 2021 года адышоў у вечнасць і мітрапаліт Філарэт. А сама Беларусь усё больш пераходзіць з аўтарытарных на таталітарныя рэйкі.

Пры гэтым разам са смерцю іерарха знікаюць у нябыт і ягоныя дасягненні. Былы “міністр замежных спраў Маскоўскага Патрыярхата” і былы Экзарх Заходняй Еўропы, Філарэт меў пэўны сантымент да Захаду, роўна, без фобій ставіўся да католікаў і пратэстантаў. Нават званне Героя Беларусі ён атрымаў у 2006 годзе ў тым ліку за “развіццё міжканфесійнага дыялогу”. Калі для мітрапаліта Філарэта цалкам арганічным быў антураж міжнародных форумаў, дзе ён увасабляў сваёй постаццю сучаснае “рускае” багаслоўе, то мітрапаліт Веніямін — ізаляцыяніст, які імкнецца звесці да мінімуму ўсе міжнародныя і міжканфесійныя сувязі БПЦ.

Якасць навучальнага працэсу ў заснаваных ды адноўленых пры Філарэце рэлігійных адукацыйных установах імкліва паніжаецца, бо адукацыя наогул не ў прыярытэтах дзеючага кіраўніцтва Экзархата, якое лічыць, што перш за ўсё — малітоўнасць, пакора і паслухмянасць. Няма нават і гаворкі аб тым, каб накіроўваць асобных студэнтаў на стажыроўку ў замежныя багаслоўскія цэнтры (Рым, Цюбінген, Шамбезі і г.д.), якую Філарэт актыўна заахвочваў.

Шматлікія дабрачынныя ініцыятывы выпустошваюцца. Нельга ўявіць, напрыклад, каб зараз іерархія БПЦ падтрымала праект дапамогі ахвярам хатняга гвалту — тое, што было яшчэ магчыма ў 2012 годзе, пры “познім” Філарэце.

Калі сам Філарэт быў фігурай сусветнага маштабу, прычым не толькі для праваслаўя, але і агулам хрысціянства, то сённяшняя БПЦ — гэта мала каму цікавая правінцыя Масквы. Ідэалагічна і тэалагічна.

Пры гэтым часам губляецца і мяжа паміж царкоўным і дзяржаўным. Раней Філарэт і БПЦ маглі (хоць і непаслядоўна) трымаць дыстанцыю ад улады, скажам, маглі дазволіць сабе выказацца на карысць забароны смяротнага пакарання. Сёння, замест хоць нейкіх, хоць і няўдалых спробаў наладзіць сімфонію, — поўнае падпарадкаванне царквы дзяржаве, нават там, дзе гэта шкодзіць як ідэнтычнасці самой Царквы як Богачалавечай установы, так і яе інтарэсам як зямной супольнасці.

Магчыма, людзі, якія прыйшлі на замену Філарэту, нават не столькі хочуць знішчыць спадчыну спачылага мітрапаліта, колькі проста «не ведаюць, што робяць» (Лк. 23:34). Як гэта было, напрыклад, з віншаваннем мітрапаліта 14 снежня 2020 года іерархамі БПЦ, пасля якога ён патрапіў у шпіталь з каронавірусам і затым адышоў у вечнасць.

Вядома, шмат якія праблемы сённяшняй БПЦ паходзяць з часоў мітрапаліта Філарэта. Нават сённяшні ягоны пераемнік Веніямін — гэта таксама гадаванец спачылага іерарха. Але замест таго, каб хаця б развіваць тое, што ўжо было створанае мітрапалітам Філарэтам, яны папросту знішчаюць тое, што так і не змаглі зразумець.