Епіскапат ЗША заклікае да малітвы за Касцёл у Беларусі

Да малітвы за перамогу міру і справядлівасці ў Беларусі ад імя епіскапату ЗША, вернікаў і ўсіх людзей добрай волі заклікаў старшыня Камісіі справядлівасці і міру ў свеце, біскуп Дэвід Дж. Малой.
Іерарх нагадаў, што пасля выбараў, якія прайшлі ў краіне 9 жніўня, вялікая колькасць мірных дэманстрантаў выйшла на вуліцы, ставячы пад сумнеў іх афіцыйныя вынікі. З боку ўладаў адбываліся акты гвалту, масавыя арышты і запалохванне. Сітуацыя застаецца напружанай і пасля чатырох тыдняў пратэстаў. Мясцовы Касцёл асудзіў гвалт і неаднаразова заклікаў да малітвы, пакаяння і канструктыўнага дыялогу.
Старшыня Камісіі справядлівасці і міру працытаваў словы Святога Айца, які 16 жніўня 2020 г. заклікаў паважаць правы ўсіх грамадзян Беларусі, весці дыялог, адмовіцца ад гвалту і паважаць справядлівасць і мір.
“Малюся аб міры і справядлівасці для Беларусі. Заклікаю паважаць правы чалавека ўсіх грамадзян. (…) Запрашаю ўсіх католікаў і людзей добрай волі далучыцца да Папы ў яго малітвах аб міры і справядлівасці ў Беларусі”, – напісаў прадстаўнік епіскапату Злучаных Штатаў.
Vatican News