Пра што Алесь Бяляцкі гаварыў з пантыфікам — ён расказаў Радыё Свабода
Мы пісалі, што 27 мая Папа Леў XIV пасля агульнай аўдыенцыі прыняў былога палітвязня, нобелеўскага лаўрэата, каталіка і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.
Бяляцкі расказаў Радыё Свабода пра акалічнасці сустрэчы і змест размовы. Ён паведаміў, што ягоная жонкаНаталля Пінчук падтрымлівала кантакт з Ватыканам, пакуль праваабаронца быў у зняволенні. Да Папы прыходзілі лісты ад розных людзей з Беларусі з просьбамі дапамагчы ў вызваленні несправядліва асуджаных.
Праваабаронца адзначыў, што размова была нядоўгай: «Фактычна ён слухаў, а гаварыў я». Па-першае, ён падзякаваў за ўвагу Святога Прастола да беларускага грамадства, якое знаходзіцца ў няпростых умовах. Бяляцкі засяродзіў увагу на кепскай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выказаў спадзеў, што Ватыкан будзе надаваць больш увагі гэтаму кірунку.
Бо таксама трывожная сытуацыя і з магчымасцямі працы для каталіцкага Касцёлу — як рымска-каталіцкага, так і грэка-каталіцкіх абшчын.
Нобелеўскі лаўрэат папрасіў Папу маліцца за Беларусь і яе народ. «Гэта заўсёды мае два аспекты — і прамы літаральны, і больш ускосны: каб Ватыкан спрабаваў уплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі».
Разам з жонкай яны перадалі пантыфіку падарунак, а таксама ліст, у якім больш падрабязна апісваюцца праблемы з правамі чалавека і сітуацыя, у якой знаходзіцца Каталіцкі Касцёл у Беларусі. У адказ Папа падараваў ім ружанцы.
З боку Ватыкана гэта быў знак салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі, з тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў бядзе, якія цярпяць, якія хворыя і па шмат гадоў без сем’яў сядзяць у турме толькі за свае перакананні. І гэта знак падтрымкі таксама для ўсяго беларускага грамадства, якое знаходзіцца ў цяжкіх умовах. А з нашага боку гэта была спроба актывізаваць Ватыкан у яго палітыцы адносна Беларусі.
Фота: Vatican Media






