Алесь Бяляцкі сустрэўся з Папам Львом XIV
Беларускі праваабаронца, былы палітзняволены і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі сёння сустрэўся з Папам Львом XIV.
На аўдыенцыі Бяляцкага суправаджала ягоная жонка Наталля Пінчук. Падчас сустрэчы праваабаронца не толькі асабіста размаўляў з Панціфікам, але і перадаў яму пісьмовы зварот.
Гэтая сустрэча рыхтавалася ўжо некалькі месяцаў. Яшчэ ў красавіку 2026 года, як паведамляла OSV News, было вядома, што Папа Леў XIV выказаў жаданне сустрэцца з беларускім нобелеўскім лаўрэатам, аднак канкрэтная дата заставалася няпэўнай. Сам Бяляцкі тады яшчэ праходзіў лячэнне пасля чатырох з паловай гадоў зняволення, і магчымасць здзейсніць паездку ў Рым з’явілася толькі цяпер.
У пасланні Бяляцкі апісвае сітуацыю з правамі чалавека і свабодай веравызнання ў Беларусі. Ён нагадвае, што ў краіне сёння знаходзіцца каля тысячы палітычных вязняў — сярод іх жанчыны і пажылыя людзі, хворыя і інваліды, шматдзетныя бацькі. Асобна праваабаронца піша пра пераслед вернікаў і святароў розных канфесій — каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх. Ён узгадвае айца Анатоля Парахневіча, арыштаванага ў сакавіку 2026 года, які перанёс інфаркт у зняволенні, але працягвае ўтрымлівацца за кратамі.
Бяляцкі выказвае ўдзячнасць Святому Пасаду за вызваленне святароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневічаў лістападзе 2025 года, аднак заўважае, што пераслед не спыніўся — святары не могуць вярнуцца ў свае парафіі, а іх маёмасць была канфіскаваная.
Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на сістэмнае знішчэнне рэжымам легальных падстаў для служэння Каталіцкага касцёла ў Беларусі: закрыццё храмаў (у тым ліку касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску), скасаванне рэгістрацыі грэка-каталіцкіх абшчынаў, дэпартацыю місіянераў. Сотні тысяч беларусаў, у тым ліку каталіцкія і праваслаўныя святары, былі вымушаныя пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій.
Асобна Бяляцкі звяртаецца да нядаўняй энцыклікі Папы Magnifica Humanitas, падкрэсліваючы яе цэнтральны тэзіс — пра непарушнасць і ўніверсальнасць правоў чалавека, якія грунтуюцца на чалавечай годнасці.
Значная частка паслання прысвечана вайне Расіі супраць Украіны і ролі ў ёй рэжыму Лукашэнкі. Разам з тым ён падкрэслівае: сам беларускі народ супраць вайны — больш за 200 грамадзян Беларусі знаходзяцца за кратамі менавіта за крытыку вайны і салідарнасць з украінцамі. Беларусы хочуць жыць мірна і ў згодзе з суседзямі, але рэжым Лукашэнкі несамастойны, і захоўваецца небяспека прамога ўцягвання Беларусі ў вайну.
Тэма вайны прагучала ў гэты дзень з вуснаў самога Панціфіка. Па завяршэнні агульнай аўдыенцыі 27 мая ў Ватыкане Леў XIV звярнуўся з заклікам у сувязі з нядаўнімі масавымі абстрэламі Украіны, ахвярамі якіх зноў сталі мірныя жыхары:
Я з трывогай сачу за вайной ва Украіне, якая ў гэтыя дні значна абвастрылася. Хачу выказаць сваю блізкасць да ўсіх, хто пакутуе ад наступстваў нядаўніх абстрэлаў, скіраваных таксама супраць мірнага насельніцтва. Вайна не вырашае праблемы, а толькі паглыбляе іх. Яна не стварае бяспеку, а памнажае пакуты і нянавісць. Там, дзе падаюць ракеты і дроны, руйнуецца таксама надзея, разбураюцца дамы і месцы малітвы, ламаюцца жыцці невінаватых людзей. Даручаю ўсе народы, параненыя вайной, абароне Панны Марыі, Каралевы супакою.
Бяляцкі звярнуўся да Папы з просьбай аб малітве і публічным голасе. Святы Пасад і асоба Папы, з’яўляюцца вялікім аўтарытэтам для беларускага народа, і голас салідарнасці сёння патрэбны як ніколі.







