Беларускія каталіцкія біскупы падтрымалі ўкраінскіх іерархаў у малітве за мір


Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
З нагоды першай гадавіны адкрытай атакі Расіі на Украіну мясцовыя каталіцкія біскупы заахвоцілі ўсіх людзей добрай волі далучыцца да малітвы ў інтэнцыі заканчэння вайны і ўсталявання справядлівага міру ва Украіне. Яны запрапанавалі маліцца Літаніяй да Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста з 15 да 23 лютага.
Гэтую ініцыятыву падтрымалі і біскупы Беларусі. Акрамя правядзення вышэйзгаданых набажэнстваў, яны папрасілі кожную парафіяльную супольнасць дадаць адпаведны заклік да малітвы верных у нядзелю 12 лютага.
Адмысловае паведамленне іерархаў выйшла пад назвай “у сувязі з землятрусам у Сірыі і Турцыі” і большасць увагі прысвячае гэтай трагедыі. Аднак у самым тэксце біскупы два разы акцэнтуюць на неабходнасці малітвы “за пацярпелых падчас ваенных дзеянняў ва Украіне” і “аддачы апецы Багародзіцы тэрыторый, змучаных вайной”.
У Беларусі пачатак малітвы Літаніяй ў інтэнцыі спынення расейскай агрэсіі супаў з успамінам дабр. Міхала Сапоцькі. Паміж іншым ён вядомы тым, што будучы падлеткам, адважна абараніў правы ашмянскай каталіцкай моладзі на вызнанне веры ад уціску з боку расейскага кіраўніцтва школы. Пасля ўмяшальніцтва будучага дабраславёнага ў школе павесілі абраз Маці Божай, вярнулі каталіцкія малітвы і заняткі па рэлігіі.
Кульмінацыяй малітоўнай ініцыятывы стане чуванне і св. Імша, якія адбудуцца 24 лютага ва Усеўкраінскім санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Бярдычаве.