Арцыбіскуп Кандрусевіч ва ўрачыстасць Божага Цела: няхай нашы вуліцы будуць месцам прысутнасці Езуса, а не супрацьстаяння
У чацвер 3 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася цэлебрацыя святой Імшы, пасля якой на плошчы перад катэрай прайшла Эўхарыстычная працэсія.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, з якім канцэлебравалі пробашч мінскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч і новапрэзбітэр ксёндз Юрый Рашатко. За прамой трансляцыяй святой Імшы і працэсіі на пратале Catholic.by сачылі больш за дзве тысячы віртуальных удзельнікаў.
У сувязі з па-ранейшаму складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, сёлета зноў была адменена працэсія Божага Цела па вуліцах беларускай сталіцы.
Каб даць вернікам магчымасць без рызыкі для здароўя ўшанаваць устаноўлены Хрыстом Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай цэлебрацыі, Эўхарыстычная працэсія да чатырох алтароў, як гэта традыцыйна адбываецца на Божае Цела, прайшла ў надзвычайным фармаце. Прысутныя вернікі заставаліся на сваіх месцах з захаваннем належнай сацыяльнай дыстанцыі, а святары з прыслугоўваючымі пераходзілі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па чарзе да чатырох невялікіх алтароў-стацый, дзе чыталася адпаведнае Евангелле пра гэтую вялікую таямніцу нашай веры.
У прамоўленым на святой Імшы Божым Слове арцбіскуп Кандрусевіч напачатку падкрэсліў, што складаныя эпідэміялагічныя ўмовы не павінны паменшыць значэнне ўшанавання Эўхарыстыі як хлеба вечнага жыцця. Таму арцыпастыр прапанаваў прысутным зрабіць рахунак сумлення адносна ўдзелу ў святой Імшы:
«Ці мы стараемся без важнай прычыны не прапускаць яе ў нядзелю і святы? Пандэмія каранавірусу ўнесла свае карэктывы. Касцёл пачаў шырока выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі, і з многіх касцёлаў вядзецца анлайн-трансляцыя святой Імшы. Яна, аднак, не замяняе фізічнага ўдзелу ў ёй, хоць з’яўляецца вялікай духоўнай дапамогай для хворых. Але здаровыя павінны памятаць аб непасрэднім удзеле», — адзначыў іерарх.
Арцыпастыр нагадаў словы Папы Бэнэдыкта XVI падчас Сусветнага дня моладзі ў Кёльне ў 1995 годзе, які сказаў, што мы прымаем Эўхарыстыю, каб яна пераменяла нас, а мы, перамененыя ёю, пераменялі свет на лепшы.
«Няхай Эўхарыстыя ўмацуе нашыя духоўныя сілы! Няхай дапаможа прабачыць адзін аднаму, каб нашыя вуліцы і плошчы не былі месцам супрацьстаяння, але месцам прысутнасці Езуса — Караля міру! Няхай нашае штодзённае жыццё будзе прасякнута Яго прысутнасцю! Дазволім Яму вітаць нас усіх, людзей розных поглядаў, але з’яднаных клопатам пра нашу Бацькаўшчыну, словамі: „Супакой вам!“ Толькі ў Ім наша надзея на лепшую і справядлівую будучыню, нават насуперак надзеі!» — сказаў на заканчэннне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.