Арцыбіскуп Кандрусевіч: Трэба абуджаць свецкіх з летаргічнага сну

Іерарх скіраваў да вернікаў Беларусі слова на 2023 г. Яно цалкам прысвечана ролі міранаў і іх актывізацыі у Касцёле і навакольным свеце.

Кандрусевіч называе свецкіх “спячым веліканам” і падкрэслівае вострую неабходнасць іх абуджэння для далейшага паспяховага развіцця Касцёла і адказу на выклікі часу. На яго думку, міране гэта “вялікі і не да канца выкарыстаны патэнцыял”, “творчая праслойка” без якой Касцёл не будзе ў поўнай меры такім, якім ён павінен быць.

“У Касцёле няма месца для заўзятараў і пасіўных назіральнікаў. Хрысціянін павінен актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла і несці за яго адказнасць. Месцам паклікання свецкіх з’яўляецца навакольны свет: сям’я, праца, палітычна-грамадскае жыццё, культура, адукацыя, СМІ і г.д.”, — піша мітрапаліт на пенсіі.

“Касцёл у Беларусі павінен перайсці на рэйкі сінадальнасці з больш актыўным удзелам у ім свецкіх вернікаў”, — падсумаваў іерарх.

Фота: catholic.by