Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў Будслаў пасля пажару і запэўніў у салідарнасці Папы Францішка
12 мая, на наступны дзень пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў пацярпелую святыню.
У Будславе прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі сустрэўся са старшынёй спецыяльнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам і валанцёрамі, якія дапамагаюць падтрымліваць парадак на месцы здарэння.
Біскуп Яшэўскі паведаміў нунцыю Ёзічу, што ў цяперашні момант вядзецца следства, якое павінна выявіць прычыны ўзгарання ў касцёле.
У сувязі з гэтым папярэднія планы па ўзнаўленні ў бліжэйшы час набажэнстваў у непашкоджанай частцы санктуарыя, так званым старым касцёле, пакуль не могуць быць рэалізаваныя. Адпаведнымі дзяржаўнымі органамі выдадзена поўная забарона на эксплуатацыю пацярпелага ад пажару будынку.
Нунцыю распавялі, што валанцёры і мясцовыя парафіяне пад кіраўніцтвам пробашча ўжо расчысцілі праходы для бесперашкоднага доступу на месца здарэння службовых асоб.
Акрамя таго, у Будслаў прыбыў спецыяліст для неадкладнага дэмантажу і кансервацыі ўнікальнага аргану XVIII стагоддзя, які знаходзіцца на хорах будслаўскага касцёла, і ў які падчас тушэння пажару трапіла вада.
Усе працы вядуцца выключна па ўзгадненні і ў супрацоўніцтве з органамі следства.
Апостальскага нунцыя разам з біскупам Яшэўскім правёў па базыліцы прафесійны экскурсавод, ураджэнец Будслава Яўген Апанасевіч, які найлепш ведае пацярпелую святыню і цяпер з’яўляецца адным з каардынатараў працы валанцёраў.
Ён не толькі прадэманстраваў нанесеныя гістарычнаму будынку пажарам пашкоджанні, але і распавёў пра гісторыю санктуарыя прадстаўніку Папы Францішка, які ўпершыню наведаў Будслаў.
Апостальскі нунцый разам з біскупам Яшэўскім і суправаджаючымі асобамі памаліўся ў пустой базыліцы. Пад закуранымі дымам і залітымі вадой скляпеннямі старадаўняга касцёла гучаў спеў пасхальнай антыфоны да Найсвяцейшай Панны Марыі Regina Cæli.
Нунцый Ёзіч падрабязна распытаў старшыню спецкамісіі біскупа Яшэўскага і пробашча парафіі пра планы па ліквідацыі наступстваў пажару і пра тое, што патрэбна для аднаўлення пашкоджанай святыні.
Прадстаўнік Папы Францішка запэўніў у салідарнасці Святога Айца з беларускімі вернікамі ў гэтым складаным для мясцовага Касцёла выпрабаванні і ў яго малітве за народ Беларусі.
Як знак блізкасці і малітоўнай падтрымкі Святога Айца яго прадстаўнік у нашай краіне падараваў ружанцы, благаслаўлёныя Папам Францішкам.
Прабыўшы ў Будславе некалькі гадзін і памаліўшыся перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч паабяцаў сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базылікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.