Арганізацыя малітваў, сімвалічных дзеянняўГрэка-Каталіцкая ЦаркваІншыя цэрквыЛісты і зваротыМіжканфесійнае супрацоўніцтваПа-беларускуПраваслаўная ЦаркваПратэстанцкія цэрквыРыма-Каталіцкая Царква

Адкрыты ліст хрысціян Беларусі

Читать по-русски To read in English Lire en français Deutsch Leggi in italiano Español

«Крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэнне» (Біблія, кніга прарока Ераміі 20,8)


Мы, вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і грамадствам, заяўляем:

Свядомае скажэнне інфармацыі пра вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанні ў судах, дэзынфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і вялікі грэх. Не хлусь, не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго — гэта Божая запаведзь.

Выкарыстанне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна. Маўчаць пра беззаконні — значыць прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне.

«Агіда душы Яго: вочы ганарыстыя, язык хлуслівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў, сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства, ілжывы сведка, які хлусіць…» (Біблія, Выслоўі).

Узвышаць голас за праўду і справядлівасць — гэта ўнутраная патрэба хрысціян, якія жывуць у адпаведнасці з евангельскім маральным законам і ў згодзе з сумленнем, якое з’яўляецца голасам Божым.

Таму мы, хрысціяне Беларусі, заклікаем кожнага чалавека, які прадстаўляе дзяржаўныя органы, зрабіць усё, што ад вас залежыць, каб:

  1. Спыніць гвалт у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія мірна выказваюць сваё меркаванне пра сітуацыю ў краіне, што гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі РБ.
  1. Аднавіць законнасць. Для гэтага неабходна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія парушылі законы РБ.
  1. Правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў самыя кароткія тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам РБ. Выбары павінны адпавядаць міжнародным дэмакратычным стандартам.

Упэўненыя, што выкананне гэтых патрабаванняў здыме прэтэнзіі грамадзян Беларусі да ўладаў і адновіць грамадскі спакой.

Мы спачуваем усім пацярпелым. Сэрцы хрысціян Беларусі і дзверы нашых цэркваў адчыненыя для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, незалежна ад палітычных перакананняў.

Мы падтрымліваем грамадзян Беларусі, якія рэалізуюць дадзенае Богам і пацверджанае Канстытуцыяй РБ права на свабоду меркаванняў і перакананняў, іх свабоднае выказванне ў рамках закона без ужывання гвалту.

Мы просім кожнага маліцца Богу і рабіць усё, што ад яго залежыць, каб аднавіць мір, згоду і справядлівасць у нашым агульным доме — Беларусі.

Мы заклікаем усіх хрысціян публічна выказацца супраць беззаконня і гвалту ў Беларусі, таму што маўчанне азначае супрацоўніцтва з прыгнятальнікамі.

Падпісаліся 6279 чалавек. На цяперашні момант усе подпісы схаваныя.