Былы нунцый Ватыкану ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці наведаў беларускую грэка-каталіцкую царкву ў Лондане
Сёння былы нунцый Ватыкану ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці (цяпер — нунцый у Вялікабрытаніі) наведаў беларускую грэка-каталіцкую царкву ў Лондане. Ён браў удзел у святкаванні 95-х угодкаў з дня нараджэння а. Аляксандра Надсана (1926-2015) — адметнага дзеяча беларускай паваеннай эміграцыі на захадзе, перакладчыка літургічных тэкстаў Грэка-Каталіцкай Царквы на беларускую мову, скарыназнайцы, даследчыка гісторыі кніжнай культуры і царкоўнай гісторыі.
У казані, разважаючы аб прыповесці пра даўжніка, які сам не прабачае (Мц 18:23-35), архібіскуп Гуджэроці сказаў, што сённяшняе Евангелле заклікае нас да міласэрнасці. “Што значыць міласэрнасць у Беларусі сёння? — Я не магу сказаць, я не ведаю,” — прызнаўся нунцый, — “Міласэрнасць і любоў — гэта самыя падставовыя словы, калі мы хочам будаваць новую цывілізацыю.”
На развітанне ён перадаў блаславенне ад імя папа Францішка сем’ям усіх прысутных на святкаванні і пажадаў, каб беларуская моладзь змагла вярнуцца на бацькаўшчыну адбудоўваць краіну.